« Назад"12 КРЭСЛАЎ" БЕЛАРУСКАЙ ВЫТВОРЧАСЦІ12 і 13 верасня ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм'ера эксцэнтрычнага балета ў 2-х дзеях "12 крэслаў" Г. Гладкова. – Першае лібрэта для першай пастаноўкі "12 крэслаў" у Свярдлоўскім акадэмічным тэатры оперы і балета пісаў Генадзь Гладкоў разам з першым пастаноўшчыкам Андрэем Пятровым. Балет быў у трох актах. І калі гэта ўсё паставіць так, як там гэта напісана, то гэта, напэўна, тры дні трэба іграць… – распавядае рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Анастасія Грыненка. – Вядома, нам давялося скараціць лібрэта. Некаторыя сюжэтныя лініі былі выкраслены, у прыватнасці, лінія айца Фёдара. Такім чынам, наш балет мае два акты. Ёсць вядомы раман, некалькі выдатных кінаверсій трагікамічнай гісторыі пра вялікага камбінатара Астапа Бэндэра і айца рускай дэмакратыі Кісу Вараб'янінава. Але ўявіць сабе гэта ўсё ў форме балета вельмі складана. Здавалася б, як Астап Бэндэр можа не размаўляць?! Лёгка! За яго ўсё робіць музыка – перакананыя стваральнікі беларускіх "12 крэслаў" з Музычнага тэатра. Цікава, што ў партытуры да спектакля сярод іншых інструментаў прысутнічаюць шклянкі, пральныя дошкі і бутэлькі. А сцэна аформлена ў стылі савецкага авангардызму 1920-х гг. і біямеханікі Меерхольда. Глядач зможа ўбачыць і фрагменты савецкіх плакатаў і лозунгаў, і вядомую скульптуру Веры Мухінай "Рабочы і калгасніца", і глабальную савецкую сацыялістычную будоўлю. Эстэтыка "савецкага новага свету" узноўлена на сцэне ў гіпербалізаванай трагікамічнай форме. Вострасатырычны раман-фельетон хоць і быў напісаны ў 1927 годзе, але актуальны і сёння. Як і любая вялікая літаратура. Па папулярных савецкіх кінафільмах мы ведаем Астапа Бэндэра ў выкананні Сяргея Юрскага, Арчыла Гаміяшвілі, Андрэя Міронава і іншых. На ролю беларускага Астапа Бэндэра выбралі Артура Іванова, моцнага класічнага танцора, які дагэтуль танчыў у Вялікім тэатры оперы і балета. Яго знешнасць выдатна адпавядае апісанням Бэндэра ў кнізе І. Ільфа і Я. Пятрова: сын турэцкага падданага, яркі брунет. Адным словам, цікавая постаць. "Гіганта думкі" Кісу Вараб'янінава сыграў дыпламант міжнародных конкурсаў Віталь Краснаглазаў. Музыка Гладкова, нягледзячы на тое, што была напісана ў 1986 годзе, гучыць вельмі па-сучаснаму. Элементы класічнай музыкі гарманічна спалучаюцца з музыкай самба і іншымі лацінаамерыканскімі матывамі, з незвычайным музычным акцэнтам, які суправаджае, напрыклад, мадам Грыцацуеву. Жвавая музыка разам з відовішчнай выявай і славутымі персанажамі забяспечвае па-сапраўднаму эксцэнтрычны балет. Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com