« НазадА ВЫ ЎМЕЕЦЕ КАХАЦЬ? ПА-БЕЛАРУСКУ!Што "схавана" ў феерверку? У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры завяршыўся 41-ы сезон – прэм'ерай музычнага феерверка "Каханне па-італьянску". Пад гэтай інтрыгуючай назвай "схаваліся", насамрэч, ажно дзве прэм'ерныя аднаактоўкі. Першая – камічная опера Г.Даніцэці "Званочак, або Шлюбная ноч аптэкара". Другая – музычнае рэвю "Шлягеры неапалітанскага квартала". У кожнага з гэтых спектакляў – свая пастановачная каманда. Але спалучэнне "два ў адным" пабудавана не на іх "спаборніцтве", а на лагічным працягу ўвасаблення "прыгод італьянцаў у каханні" ў розныя эпохі – і, адпаведна, у рознай музычнай стылістыцы. Ну, а наколькі ўсё гэта – менавіта феерверк, як пазначаны жанр на афішах, можна і паспрачацца. Бо калі феерверк – гэта, як модна стала казаць, "грошы на вецер", дык тут – усё наадварот. Мастак Любоў Сідзельнікава абышлася мінімумам укладзеных у сцэнаграфію сродкаў, стварыўшы каларытнае, насычанае эфектнымі дэталямі відовішча. На сцэну выязджае і ванна, у якой мыецца гераіня, і аўто пачатку ХХ стагоддзя, "шчыльна населенае" гангстэрамі, і вялізны трохколавы веласіпед. А ўжо колькі сцэнічных строяў змяняюць не толькі салісты, але і артысты хору, якім даводзіцца пераўвасабляцца часцей за ўсіх, нават не пералічыць. Такая "шчодрасць", заснаваная на выкарыстанні антуражу з іншых спектакляў, часам нават пакідае ўражанне залішняй марнатраўнасці: не ўсе "залпы", патэнцыйна закладзеныя, умоўна кажучы, у развешаную афармленчую зброю, выстрэльваюць. Амаль не заўважанымі застаюцца аўтарскія лялькі Кацярыны Пуставалавай: залішне дробныя для гэтай залы, яны не бачныя нават у сярэдзіне партэра.
Усе гэтыя "шкілетныя маніпуляцыі", бліскуча выкананыя Дзмітрыем Скачковым і, у другім складзе, Аляксеем Шашолкам, добра "мікшыруюць" некаторыя ўласна музычныя хібы спектакля. Праўда, тут патрабуецца тлумачэнне. Музыка Г.Даніцэці нават для найлепшых оперных спевакоў свету – бы алімпійскае спаборніцтва з самім кампазітарам. Тое, што на сённяшні дзень зроблена дырыжорам Алегам Лесуном і вакалістамі на шляху "барацьбы з італьянскім бэльканта", заслугоўвае павагі. Скажу больш: часам яны дэманструюць куды лепшыя мастацкія вынікі, чым тыя, што былі дасягнуты нашай опернай трупай пры колішняй пастаноўцы даніцэціеўскай "Рыты…". Але да ідэальнага ўвасаблення італьянскага стылю яшчэ трэба ісці. Але тэатр, калі ён носіць назву музычнага, абраў правільны кірунак – у бок недасяжных вакальных вяршыняў. І гэта можна толькі вітаць, не паддаючыся на правакацыі: маўляў, вы ж не "опернікі", каб за гэта брацца. Што ж, салісты Музычнага тэатра папраўдзе павінны быць "мультывакалістамі". Акцёрскае ж увасабленне няпростых партый – на мяжы фантастыкі. Кожны артыст абсалютна індывідуальна трактуе свой вобраз. Серафіна Наталлі Дзяменцьевай – капрызная какетка, якая мэтанакіравана рушыць да фінішу. Гераіня Лесі Лют – хутчэй, гарэзлівая дзяўчына-падлетак, якая проста "гуляе" ў інтэрактыў, цалкам распрацаваны першай жонкай аптэкара. Гэтак жа "гуляе" (праўда, ва ўласную гульню)– Энрыка Сяргея Суцько. А вось герой Андрэя Марозава нагадвае ўпэўненага Дон Жуана, здольнага і да "тэатра масак", і да ўнутранага полымя пачуццяў. Яшчэ больш рознымі аказваюцца аптэкар Ангібале і ягоны Слуга. Кожны з артыстаў прачытвае сваю ролю не проста іначай, а ў іншым жанры. Віктар Цыркуновіч непадробна малюе "камічнага старога" – ну проста "класіка жанру": настолькі неверагодным падаецца гэтае пераўвасабленне ў тэатральнага тыпажа, вырашанага ў традыцыях эпохі Асветніцтва! Падмануты стары Яўгена Глебава бліжэй да герояў эпохі рамантызму – амаль гэткі Мельнік з "Русалкі" А.Даргамыжскага. З-за гэтага сцэна з відэашкілетамі ўспрымаецца з усёй вастрынёй псіхалагізму (аптэкар літаральна страчвае розум), і гуллівая камедыя становішчаў набывае рысы нават не драмы, а трагедыі. Слуга аптэкара ў выкананні Дзяніса Мальцэвіча– быццам тагачасны Фігара, які спрытна і абаяльна злучае канцы з канцамі. Той жа Слуга ў Ігара Бычкова – тэатралізаванапарадыйны, эксцэнтрычны, быццам тагачасны "герой нямога кіно", усе эмоцыі і думкі якога павінны быць выкладзены максімальна ярка і акцэнтавана. А вось увасабленне Мадам Розы, пэўна, патрабуе далейшых пошукаў. Зразумела, што першая жонка аптэкара выведзена як выключна сатырычны, адмоўны персанаж. Але, прызначаючы на гэтую партыю Ірыну Заянчкоўскую, якой добра ўдаваліся лірычныя гераіні, і зусім маладую Вікторыю Жбанкову-Стрыганкову, што ўсім сваім "бабулям" умее надаць шарму, можа, варта перагледзець грым?
Ды ўсё ж самым вялікім цудам у абедзвюх аднаактоўках застаецца… хор. Прычым нават тады, калі ён не спявае. Дарэчы, большасць маладых артыстаў хору – выхаванцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе харавікоў-дырыжораў вучаць не мудрагелістым "па" нагамі, а хіба "маханню рукамі". Але танчаць яны – на роўных з балетам, і часам немагчыма зразумець, хто – дзе (асабліва ў Тарантэле з балета В.Гаўрыліна "Анюта"). А саліст Дзяніс Нямцоў, здаецца, нават "ператанцоўвае" прафесійную балетную пару. Ну, а пра тое, што замест масоўкі мы бачым індывідуальна распрацаваныя характары, бліскуча ўвасобленыя артыстамі, дзе кожны пачувае сябе салістам, і казаць не трэба. Так што калі яшчэ зусім нядаўна асноўнай праблемай тэатра была падрыхтоўка адпаведных кадраў, дык сёння відавочна, што ён узяў на сябе і функцыі студыі, якая сама выхоўвае менавіта "сінтэтычных" артыстаў, здольных валодаць усімі жанрамі, стылямі і нават відамі мастацтваў. Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымках: сцэны са спектакляў. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com