« Назад"АСОЛЬ" Cтары Новы год Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр адзначыў прэм’ерай. На яго сцэне — балет паводле матываў знакамітай аповесці Аляксандра Грына "Пунсовыя ветразі". Назву спектаклю "Асоль" дало імя галоўнай гераіні. Як падкрэсліваюць у тэатры, "Асоль" — балет нацыянальны. Музыку напісаў беларускі кампазітар Уладзімір Саўчык, аўтар лібрэта і балетмайстар-пастаноўшчык — народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў. Сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай. Дырыжор Алег Лясун. Зрэшты, калі разабрацца, дык і аўтар літаратурнай асновы — аповесці "Пунсовыя ветразі" Аляксандр Грын таксама мае дачыненне да Беларусі. Сапраўднае прозвішча пісьменніка Грынявіцкі, яго бацька паходзіў з беларускай шляхты і родам з колішняга Дзісненскага павета Віленскай губерні (цяперашняя тэрыторыя Міёрскага раёна Віцебшчыны), адкуль быў сасланы за ўдзел у паўстанні Каліноўскага 1863 года. Стваральнікі спектакля прачыталі вядомую гісторыю пра Асоль і Грэя па-свойму і адышлі ад хрэстаматыйнага твора, спрабуючы перакласці рамантычную прозу Грына на экспрэсіўную мову сучаснай харэаграфіі. Балет "Асоль" — гэта не свет казкі, а імклівае драйвавае дзейства. У ім нават гучыць рок-н-рол з музычнымі цытатамі "Deep Purple". І зусім не станоўчым персанажам паўстае Грэй, які хоча стаць "д’ябальскім" мараком, любіць карты, прамантачыў сваю спадчыну, страціў усё, акрамя галоўнага, — дзіўнай летуценнай душы. У цяперашняй інтэрпрэтацыі ў балеце з’явіўся новы персанаж — Апавядальнік, але звыклых бацькі гераіні марака Лангрэна, старога Эгля, якога яна сустракае ў лесе, глядач не ўбачыць. Зрэшты, як і кананічных пунсовых ветразяў, якіх у спектаклі таксама няма. "Асоль" — восьмы па ліку балет у рэпертуары Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра. Яго пастаноўка ажыццяўлялася пры садзейнічанні Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Паводле слоў мастацкага кіраўніка тэатра Адама Мурзіча, работа з беларускімі кампазітарамі, нягледзячы на магчымыя цяжкасці, будзе працягвацца і надалей — гэта прынцыповая пазіцыя, бо не мае права існаваць беларускі тэатр без знакавых беларускіх твораў. Ужо ёсць некалькі імёнаў, на якія ўскладаюцца асаблівыя надзеі. У задумках — і музычныя спектаклі, і балеты, у тым ліку дзіцячыя, і мюзіклы беларускіх кампазітараў. Ірына СВІРКО. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com