« НазадДЗЕ МУЗЫКА, ТАМ І КАХАННЕ Аўтар гэтага творчага праекта, мастацкі кіраўнік калектыву Адам Мурзіч падчас сустрэчы з журналістамі патлумачыў, што новая работа скіраваная на развіццё класічнага напрамку ў рэпертуары тэатра. Для яго артыстаў, музыкантаў "Полымя кахання" — захапляльная магчымасць падтрымаць творчы тонус, павысіць градус прафесійнага майстэрства ва ўсім вакальным цэху, а таксама ў аркестры. У імпрэзе адмысловым чынам спалучыліся шчырыя, адухоўленыя, пранікнёныя ўзоры вакальнай лірыкі Сяргея Рахманінава (1-е аддзяленне) і яго дэбютная аднаактовая опера "Алека", напісаная паводле паэмы Аляксандра Пушкіна "Цыганы". Нягледзячы на камерны характар праграмы, яе стваральнікам (музычны кіраўнік і дырыжор Юрый Галяс, рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Маторная, мастак Любоў Сідзельнікава) і артыстам удалося пазбегнуць стылістыкі касцюміраваных філарманічных вечароў і парадаваць публіку не падборкай рамансаў і операй у канцэртным выкананні, а творам тэатральнага мастацтва. Дакладней, музычна-тэатральнага. Дзівосныя рахманінаўскія рамансы, у адмыслова зрэжысіраваным парадку гучання, утварылі жывую нізку вобразаў, ад якой працягнулася найтанчэйшая духоўная повязь з пачуццёвым светам лірыка-псіхалагічнай оперы, прадстаўленай у канцэртна-сцэнічным выкананні. "Алека" — сур’ёзны і складаны музычны матэрыял, які вымагае магутных оперных галасоў і, вядома ж, акцёрскага майстэрства. Можна было б запрасіць на вядучыя партыі калег з Вялікага тэатра, на сцэне якога гэтая опера С. Рахманінава ідзе ўжо не адзін сезон, аднак... Аднак такі падыход супярэчыў бы мэтам праекта, тым болей што сёння ў калектыве БДАМТ ёсць свае салісты, здатныя годна спяваць класіку і спраўляцца са складанымі акцёрскімі задачамі. Выканаўчы склад "Алека" рыхтаваўся без дублёраў: Земфіра — Лідзія Кузьміцкая, Малады цыган — Яўген Ермакоў, Старая цыганка — Святлана Маціеўская. З-за адсутнасці свайго саліста-баса на ролю Старога цыгана запрасілі Дзмітрыя Трафімука з НАВТ Беларусі, дзе партыі першага плана ён ніколі не спяваў. А ўвасобіць вобраз галоўнага героя, Алека, прапанавалі Уладзіславу Успенскаму — салісту Маладзёжнай акадэміі Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга, нашаму земляку, вучню А. Мурзіча. Святлана БЕРАСЦЕНЬ. На здымку: дырыжор Юрый Галяс, лаўрэат міжнародных конкурсаў Лідзія Кузьміцкая і мастацкі кіраўнік БДАМТ, заслужаны работнік культуры Беларусі Адам Мурзіч |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com