« Назад ФІНАНСАВАЦЬ КУЛЬТУРУ – ВЫГАДНА
12 мая ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі адбылася падзея, якая мела шырокі рэзананс сярод музычных і тэатральных дзеячаў. На валютныя сродкі, якія выдзеліў Мінгарвыканком, для тэатра былі набыты музычныя інструменты вядучых замежных фірм і навейшая радыётэхнічная апаратура. У сімвалічнай цырымоніі перадачы тэатру гэтага дару ўдзельнічаў старшыня гарвыканкома народны дэпутат Рэспублікі Беларусь А. Герасіменка. Дырэктар і мастацкі кіраўнік тэатра С. Косцін у сваёй прамове падкрэсліў уважлівыя адносіны кіраўніцтва горада да праблем тэатра, культуры ў цэлым. Гэта кіраўнікі новага пакалення, адзначыў спадар дырэктар, бо яны добра разумеюць, што, падтрымліваючы культуру сёння, мы закладваем падмурак заўтрашняга дня.
Гэта была даўняя мара – забяспечыць аркестр тэатра выдатнымі інструментамі лепшых замежных фірм і абавязкова замяніць радыётэхнічную апаратуру і ўсё акустычнае абсталяванне па прычыне іх нізкай якасці. Не прайшло і трох месяцаў з дня першай размовы дырэктара з мэрам горада, як усё абсталяванне, на суму 200 тыс. долараў, было дастаўлена ў тэатр. Тут і вялікая аператыўнасць кіраўніцтва, і высокі прафесіяналізм пасрэдніцкай фірмы, якая ўзяла на сябе абавязацельства выканаць заказ. Гэта – сумеснае беларуска-эстонска-амерыканскае прадпрыемства "БелЭСТМІ" /дырэктар П. Марголін/. Гэта прадпрыемства наладзіла кантакт з амерыканскай фірмай "БОРДА Інкарпарэйтэд", якая, у сваю чаргу, у кароткія тэрміны выканала заяўку на камплектаванне акустычнага абсталявання і музычных інструментаў, звязаўшыся з многімі вядомымі фірмамі свету. Па раздзеле "Музычныя інструменты" кансультантамі былі музыканты і кіраўнікі лепшага ў ЗША камернага аркестра. Музычныя інструменты /духавыя медныя і драўляныя/ пастаўлялі такія сусветнавядомыя фірмы, як "ВАСН", "Ludwig", "Seimer" і інш. Завяршылася прэзентацыя вялікім гала-канцэртам. Аркестр тэатра ўрачыста размясціўся на сцэне. У той вечар ён папоўніўся музыкантамі з іншых калектываў, бо ў праграме былі творы з опернага рэпертуару. Дырыжоры-пастаноўшчыкі канцэрта – А. Лапуноў і А. Сасноўскі. Вядучыя салісты тэатра выконвалі і оперныя партыі, і нумары са свайго звыклага рэпертуару; выступілі таксама артысты балета. У канцэрце ўдзельнічаў кампазітар I. Лучанок, чые песні ў выкананні маладога саліста тэатра А. Ісаева ўдала ўвайшлі ў праграму. Канцэрт вялі знаныя артысты Н. Гайда і А. Ранцанц. У арганізацыі канцэрта-прэзентацыі бралі ўдзел шматлікія спонсары тэатра, якія лічаць, што ўкладваць сродкі ў культуру заўсёды выгадна і пачэсна.
|
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com