Галоўная/Пресса/Хай жа ярка гарыць яе зорка (1978 г., Тэатральны Мінск)

Хай жа ярка гарыць яе зорка (1978 г., Тэатральны Мінск)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ХАЙ ЖА ЯРКА ГАРЫЦЬ ЯЕ ЗОРКА

Сустрэча з Наталляй Гайдай ніколі не праходзіць бясследна – не мае значэння, ці была гэта асабістая гутарка з ёю, бачылі вы яе на сцэне ці на эстрадзе. Абаяльнасць яе асобы рэдкасная, і сустрэча з выдатнай артысткай запамінаецца надоўга. 

Музыкай поўніцца ўся яе істота. У музыцы – усё яе жыццё. Сёння Наталлю Гайду, заслужаную артыстку БССР, ведаюць усе, хто любіць вясёлы жанр аперэты. Сёння мы не можам уявіць Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР без яго "зоркі", мастацтва якой упрыгожвае амаль кожны спектакль. А сама артыстка не можа ўявіць жыцця без свайго тэатра. 

Яна з поўнай падставай можа называць тэатр сваім. Наталля Гайда працуе ў ім з першага дня яго існавання. Яна выйшла на сцэну ў першым спектаклі тэатра. Гэта было ў студзені 1971 года. Маладая артыстка выконвала ролю Ірыны ў гераічнай камедыі Юрыя Семянякі "Спявае Жаваранак". Тады ўпершыню і ўбачыла яе публіка, якая запоўніла залу і вітала нараджэнне новага тэатра. 

Было ў Наталлі Гайдзе так многа шчырасці, непасрэднасці, эмацыянальнасці, абаяльнасці, так ярка, чыста, звонка гучаў яе голас, што артыстка палюбілася гледачам адразу, з першай карціны. Пра гэтую ролю артыстка да гэтага часу ўспамінае з вялікім хваляваннем. А колькі іх было потым, вялікіх і малых перамог! Але заўсёды – перамог. 

За сем гадоў, што прайшлі з таго часу, артыстка выходзіла на сцэну ў дваццаці спектаклях. Некаторыя з іх ужо зніклі з афішы тэатра, але ў кожным засталіся часцінка яе сэрца, душы, таленту, кавалачак яе жыцця... 

Кожная новая роля Наталлі Гайды – гэта заўсёды вялікая, сурёзная, напружаная работа. I сёння, як у пачатку творчага шляху, – доўгі роздум над вакальным і сцэнічным малюнкам ролі, распрацоўка "партытуры" сцэнічных паводзін, пошук нюансаў і штрыхоў, якія дапамогуць выявіць матывы паводзін гераінь. I сёння, як у пачатку творчага шляху, – хваляванне, без якога немагчымы сапраўдная творчасць, артыстычнае нахтненне і вялікія ўзлёты. 

Яна вельмі розная ў розных спектаклях: летуценная ці дасціпная, рашучая, поўная высокіх грамадзянскіх пачуццяў, бясстрашная і мужная, слабая і пяшчотная... Розная! I заўсёды – Гайда. Ёй верыш у кожнай ролі, бо ў кожнай – сама праўда жыцця. 

Галоўнае яе багацце – голас. Ён зачароўвае слухачоў. Не так часта можна сустрэць такое шчаслівае спалучэнне, як яркае сцэнічнае дараванне і цудоўны голас, які слухачы прывыклі ўспрымаць без усялякіх скідак на "лёгкі жанр". 

Гайда прайшла сур'ёзную вакальную школу. З дыпломам Свярдлоўскай кансерваторыі яна стала салісткай Свярдлоўскага опернага тэатра. Яе лёгкае, серабрыстае лірыка-каларатурнае сапрана было заўважана адразу, і спявачка хутка асвоіла рэпертуар тэатра. Мюзета ў "Багеме", Джыльда ў "Рыгалета", Разіна ў "Севільскім цырульніку", Марфа і Снягурачка ў операх Рымскага-Корсакава... Цэлая галерэя яркіх характараў. 

Пазней Наталля Гайда стала салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Аднак калі пачала фарміравацца трупа тэатра музычнай камедыі, Гайда перайшла ў аперэту. Жанр, у якім спалучаюцца музыка, спевы, слова, танец, – зусім не лёгкі жанр! – аказаўся для артысткі яе сапраўдным прызваннем. 

Сільва, Марыца, Віялета ў аперэтах Кальмана і побач з імі – Стэла ў "Вольным ветры" Дунаеўскага, Чаніта і Анжэла ў "Пацалунку Чаніты" Мілюціна, Марыя ў музычнай камедыі А. Сандлера "Чацвёра з вуліцы Жанны", Соф'я ў "Вяселлі ў Малінаўцы" Б. Аляксандрава... 

Хочацца тут вылучыць адну з роляў, у якіх артыстка асабліва ярка праявіла свой талент. Гэта Паўлінка ў аднайменнай аперэце Ю. Семянякі. Пяшчотны лірызм, душэўная чысціня, мяккасць і сардэчнасць, нязлосны народны гумар, цвёрдасць характару і жвавы практычны розум, уменне стрымліваць сябе ў горы і вера ў дабро – усе гэтыя якасці Паўлінкі Гайда перадае ў спектаклі бліскуча. А роля цяжкая, амаль без паўз. Партыя нібы напісана спецыяльна для Гайды – такая арганічная яна ў гэтым спектаклі, такая натуральная і праўдзівая. 

У новай рабоце – камедыі "Мост мары" В. Лебедзева – артыстка зноў выдатна выконвае ролю галоўнай гераіні Марыны. Гэтая работа яшчэ раз засведчыла высокае майстэрства Наталлі Гайды. 

Майстэрства пераўвасаблення, уменне жыць у спектаклі ў прапанаваных абставінах, кожны раз знаходзіць новыя фарбы ў абмалёўцы вобразаў, арганічнасць, натуральнасць сцэнічных паводзін – усё гэта сведчанне сапраўднага таленту спявачкі, здольнай ствараць і псіхалагічна складаныя, драматычныя, і лірыка-камедыйныя характары. 

Наталля Гайда – вялікая працаўніца. Яе артыстычны лёс яшчэ раз пацвярджае, што талент спевака можа даць высокія мастацкія вынікі толькі ў спалучэнні з пастаяннай напружанай работай. Гайда глыбока разумее мастацтва і ўмее дзяліцца з людзьмі тым, чым багата сама. Наперадзе ў яе – новыя творчыя вышыні. 

Алена РАКАВА. 
Тэатральны Мінск. – 1978. – № 1.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: