Галоўная/Пресса/Літара змяняе ўсё! (2005 г., Культура)

Літара змяняе ўсё! (2005 г., Культура)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЛІТАРА ЗМЯНЯЕ ЎСЁ!

Просьба не блытаць: "Баядэрка" – гэта балет Мінкуса, прэм'ера якога нядаўна адбылася ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Беларусі. А "Баядэра" – аперэта Кальмана, прэм'ера якой чакаецца ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры 14 і 15 ліпеня: гэтым спектаклем тэатр закрывае сезон.

Дый сюжэты ў гэтых спектаклях зусім розныя! А калі чымсьці і падобныя, дык толькі аповедам пра каханне: у балеце – нешчаслівае, у аперэце... Дзе вы бачылі ў аперэце трагічны фінал? Дыпламат, саветнік пасольства адной з усходніх краін Раджамі і артыстка парыжскага рэвю Адэта (нічога не зробіш: завуць яе гэтак жа, як і гераіню "Лебядзінага возера") кахаюць адно аднаго. Але дзяўчына, разумеючы няроўнасць такога шлюбу, вырашае адмовіцца ад яго. Не хвалюйцеся: каханне пераможа!

А пакуль усе ўдзельнікі спектакля "змагаюцца" за ўдалы вынік. Рэжысёрам запрошаны народны артыст Расіі Юрый Дражняк. Мастаком-пастаноўшчыкам – заслужаны дзеяч мастацтваў Кубані Уладзімір Пермякоў. Музычным кіраўніком і дырыжорам з'яўляецца наш Аляксандр Сасноўскі, хормайстрам – Святлана Пятрова. Мастацкім кіраўніком пастаноўкі, а таксама выканаўцам галоўнай ролі выступае заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў, які ўзначальвае тэатр.

Дарэчы, другую дзею, у якой малюецца прыём у пасольстве, па традыцыі ўпрыгожыць вялікі балетны дывертысмент. Ставіць яго заслужаная артыстка Расіі, галоўны балетмайстар нашага тэатра Ніна Дзячэнка – на музыку не толькі Імрэ Кальмана, але і Кара Караева: у такім жа партытурным варыянце "Баядэра" ставілася ў нас і ў 1971 г.

Класічная аперэта заўсёды была і будзе даспадобы і публіцы, і артыстам. А тым больш такая прызнаная, як "Баядэра" Імрэ Кальмана. Невыпадкова думкі пра яе новую пастаноўку ўзнікалі ў тэатры ўсё апошняе дзесяцігоддзе. Але ўвасобіліся толькі зараз. Таму няма чаго здзіўляцца, што ў спектаклі занятыя не толькі знакамітыя салісты, але і шмат творчай моладзі. Сярод трох выканальніцкіх складаў – заслужаныя артысты Беларусі Герман Казлоў, Аляксей Кузьмін, Васіль Сердзюкоў, Арнольд Ранцанц, лаўрэаты і дыпламанты міжнародных конкурсаў Маргарыта Александровіч, Наталля Дзяменцьева, Святлана Маціеўская, Віктар Цыркуновіч, Ірына Шыцікава, лаўрэат прэміі імя Л. Александроўскай Лідзія Кузьміцкая, Антон Заянчкоўскі, Віктар Шабуня, Дзмітрый Якубовіч і многія-многія іншыя.

Надзея БУНЦЭВIЧ.
Культура. – 2005. – 9 ліп.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: