« НазадМЮЗІКЛ БЕРНСТАЙНА. БЕЛАРУСКАЯ ВЕРСІЯ
У свой час знакаміты англійскі гісторык Арнольд Тойнбі ўжыў у сваіх даследаваннях для характарыстыкі сусветных цывілізацый катэгорыі "выкліку" і "адказу". Упэўнены, іх выкарыстанне ў дачыненні да прэм’еры "Вестсайдскай гісторыі" больш чым карэктнае. На першы погляд, пастаноўкі ў жанры мюзікла даўно ідуць на сцэне Музычнага тэатра. Але згадзіцеся, мы можам гаварыць або пра ўласнабеларускія творы ("Шклянка вады"), або пра адаптацыю сусветнай класікі да айчыннага гледача ("Аднойчы ў Чыкага"), што абумоўлівае "ўнутраны характар" аўдыторыі гэтых спектакляў. "Вестсайдская гісторыя" стала першым ліцэнзійным мюзіклам сусветнага ўзроўню, правы на пастаноўку якога былі прадастаўлены кампаніяй Music Theatre International на адзін год (пасля чаго яны будуць прадоўжаны або ануляваны). Істотна, што Музычны тэатр атрымаў права не на перанос мюзікла, а на яго арыгінальную інтэрпрэтацыю (пры захаванні агульнай канцэпцыі ў харэаграфіі). Пэўны выклік стаяў і перад сталымі наведвальнікамі Музычнага тэатра. Шэраг з іх, на жаль, па-ранейшаму ўспрымае калектыў як музычную камедыю, куды прыходзяць адпачыць, пасмяяцца і добра правесці час. Красамоўна, што за выключэннем некалькіх балетаў толькі ў адным спектаклі (рок-оперы "Юнона" і "Авось") гледачы перажываюць драматычны фінал. Між тым, сюжэт "Вестсайдскай гісторыі" трагічны. Дзеянне мюзікла разгортваецца ў 1950-я гады ў Нью-Йорку. За ўладу на вуліцы змагаюцца дзве банды: "Ракеты" на чале з Рыфам (Эдуард Вайніловіч), што складаюцца з "белых", і "Акулы" на чале з Бернарда (Дзяніс Нямцоў), куды ўваходзяць эмігранты з Пуэрта-Рыка. Тоні (Дзмітрый Якубовіч), лепшы сябра Рыфа, сустракае Марыю (Ілона Казакевіч), сястру Бернарда. Але амерыканскія Рамэо і Джульета сутыкаюцца з забабонамі грамадства…
Што датычыцца рэжысёра-пастаноўшчыка Анастасіі Грыненка, дык для яе "Вестсайдская гісторыя" павінна была стаць момантам ісціны. У свой час яна паставіла некалькі антэпрызных мюзіклаў на розных сталічных пляцоўках. А вось у родным калектыве рэжысёр дастаткова доўга спецыялізавалася на дзіцячых спектаклях, якія могуць цікавымі і дарослай аўдыторыі. Аднак апошнія пастаноўкі ("Чырвоны каптурок. Пакаленне next" і асабліва "Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год") пакінулі адчуванне таго, што А.Грыненка дасягнула свайго піку ў гэтым жанры. І можна было толькі здагадвацца: здолее рэжысёр узняцца на новую прыступку ці будзе і далей выкарыстоўваць уласныя творчыя здабыткі? Першым адказам на гэта пытанне стаў шыкоўны эксцэнтрычны балет "12 крэслаў", у якім Грыненка выступіла рэжысёрам. "Вестсайдская гісторыя" мусіла канчаткова расставіць кропкі над "і". Мяркую, у аснове мюзікла пакладзены прынцып кантраснасці. Перш за ўсё, гэта непасрэднае процістаянне "Ракет" і "Акул". Потым супярэчнасць паміж мужчынскім і жаночым светам. Прычым, увасабленне іх кардынальна адрозніваецца. Амаль усе мужчыны выступаюць носьбітамі бессэнсоўнай агрэсіі, што выяўляецца ў харэаграфіі (заўважу, у выніку працяглых рэпетыцый з амерыканскімі пастаноўшчыкамі трупа пачала рухацца непараўнальна лепш, чым раней). А вось стваральны, гарманічны свет жанчыны хутчэй знаходзіць адлюстраванне ў лірычных вакальных фрагментах. Нарэшце, найбольш вострым, сапраўды тэктанічным разломам у свеце, у якім існуюць героі "Вестсайдскай гісторыі", стала ўсеагульная нянавісць, што літаральна апаноўвае ўсіх персанажаў. Тоні, Марыя і Док (Аляксей Кузьмін), падобны на шэкспіраўскага патэра Ларэнца, з’яўляюцца ці не адзінымі героямі, якія не трапляюць на тэрыторыі агульнага зла, агрэсіі і істэрыі. На маю думку, менавіта такія акцэнты абумоўліваюць актуальнасць спектакля. У інтэрнеце сустракаліся меркаванні, што пастаноўка атрымалася не пра наш час. Так, супярэчнасці паміж "белымі" і пуэртарыканцамі могуць быць далёкімі для беларусаў. Але для суайчыннікаў, чые продкі падтрымлівалі ўтварэнне ў пачатку ХХ стагоддзя беларускай дзяржавы ці супрацьстаялі гэтаму, змагаліся па розныя па бакі ў часы грамадзянскай вайны, такі ракурс з’яўляецца надзіва актуальным.
Крыху супэрэчлівай атрымалася сцэнаграфія Андрэя Меранкова. З аднаго боку, у ёй хапае відавочных і прыхаваных сімвалаў, а таксама мастацкіх знаходак. Асабліва ўдалай атрымалася сцэна ў вясельным салоне, дзе працуе Марыя. У сучаснай візуальнай культуры вяселле часта з’яўляецца элементам гламура. Але ў "Вестсайдскай гісторыі" бялюткія вясельныя сукенкі ў паветры, ствараюць кранальны вобраз, які сімвалізуе шчасце.
Увогуле "Вестсайдская гісторыя" стала поспехам Музычнага тэатра і засведчыла, што, нягледзячы на асобныя спрэчныя пастаноўкі, калектыў працягвае развіваецца па ўзыходзячай лініі. Дзяніс МАРЦІНОВІЧ. На здымках: |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com