Галоўная/Пресса/Дык чаму ж Памела – дарагая? (1998 г., Звязда)

Дык чаму ж Памела – дарагая? (1998 г., Звязда)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДЫК ЧАМУ Ж ПАМЕЛА – ДАРАГАЯ?

"Дарагая Памела" – так называецца новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. I хаця Памела не аперэтачная прымадонна, а падслепаватая бабулька, што жыве ў старым дамку сярод смецця і павуціння, яна становіцца дарагой для ўсіх навакольных. Дарагой не толькі з-за чуласці свайго сэрца, але і з-за сумы страхоўкі, у якую ацэнена яе жыццё. Канву сюжэта складаюць ваганні яе выпадковых кватарантаў-"кампаньёнаў" паміж двума значэннямі слова "дарагая": няўдалыя спробы "прышыць" старую, імітуючы няшчаснае здарэнне, шчыра перамяжаюцца выбухамі сумненняў-сумлення.

У дачыненні ж да ўсяго спектакля слова "дарагая" набывае дадатковы змест, бо прэм'ера адразу стала ў лепшым сэнсе дарагой як для тэатра, так і для гледачоў. Тэатр даражыць спектаклем у першую чаргу таму, што "Дарагая Памела" абышлася яму адносна танна. У аснову была пакладзена музычная камедыя М. Самойлава, напісаная на пачатку 70-х. Улічваючы, што былы расійскі кампазітар сёння ходзіць па Брадвею, аўтарскі ганарар яму не планавалі. Ну а стылістычную састарэласць музыкі пераадольвалі вельмі проста: знакамітаму беларускаму музыканту, аранжыроўшчыку і кампазітару У. Ткачэнку заказалі апрацоўку, якая надала прымітыўным песенькам напружанасць рытмаў, тэмбравую драматургію. I хаця музычны бок узмацніўся мелодыямі з іншых твораў таго ж Самойлава, атрымаўся звычайны драматычны спектакль. Тым больш, што літаратурна-сцэнічная рэдакцыя, зробленая рэжысёрам-пастаноўшчыкам Б. Уторавым, максімальна наблізіла лібрэта В. Валавога і Ю. Дынава да першакрыніцы – п'есы амерыканскага драматурга Дж. Патрыка.

Але ж тэатр даражыць "Памелай" яшчэ і таму, што пастаноўка мае фармальныя рысы мюзікла і такім чынам адпавядае накіраванасці менавіта музычнага тэатра. На жаль, ні музыка, якая, да таго ж, часам ідзе ў фанаграме, ні харэаграфія У. Іванова не дадаюць нічога новага – ужо хаця б таму, што тэкст п'есы самадастатковы і не патрабуе музычна-пластычнай ілюстратыўнасці. Затое спектаклем даражаць акцёры, бо ён дазваляе ім вызваліцца ад аперэтачных штампаў і паспрабаваць сябе ў сапраўднай драматургіі характараў.

Менавіта псіхалагічная дакладнасць, адсутнасць звыклых масак-амплуа робяць спектакль дарагім для гледачоў. Асабіста ж для мяне ён дарагі яшчэ і тым, што дасціпна дэманструе крызіс сучаснага музычнага тэатра дэмакратычнага кірунку. Калі тэатр драматычны ўсё болей схіляецца да музычна-пластычных кампазіцый, дзе сама цішыня натолена пульсуючай думкай, дык тэатр музычны спыніўся ў разгубленасці. На Захадзе аперэтачная стылістыка змянілася мюзіклам, рок-операй, у былой савецкай дзяржаве – вадэвільна спрошчанай музкамедыяй. Спробы выйсці за яе межы застаюцца пакуль адзінкавымі. Так і з "Дарагой Памелай": крочачы ад музкамедыі да мюзікла, яе стваральнікі прыйшлі да драмспектакля. I, як ні дзіўна, пасля да болю традыцыйных пастановак апошніх гадоў гэты крок дарагі хоць такім адыходам ад аперэтачнага правінцыялізму. Які ж крок – наступны?..


Надзея БУНЦЕВІЧ.
Звязда. – 1998. – 7 сак. – С. 6.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: