Галоўная/Пресса/Вальс, вальс, вальс: ад Севастопаля і да "Нямігі" (1999 г., Культура)

Вальс, вальс, вальс: ад Севастопаля і да "Нямігі" (1999 г., Культура)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВАЛЬС, ВАЛЬС, ВАЛЬС: АД СЕВАСТОПАЛЯ І ДА "НЯМІГІ"

У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі – прэм'ера. Акурат 20 чэрвеня мы зможам убачыць падарунак, які падрыхтаваны ветэранам да вялікага свята – 55-ай гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У якасці падарунка была абрана не гераічная музычная камедыя Юрыя Семянякі "Пяе "Жаўранак", з другой рэдакцыі якой калісьці афіцыйна адкрываўся наш тэатр у 1971-ым, і не "Судны час" Рыгора Суруса паводле трагікамедыі "Трыбунал" Андрэя Макаёнка, што ставіўся да 40-годдзя Перамогі, і ніякі іншы твор, а менавіта рамантычная музычная камедыя Канстанціна Лістова "Севастопальскі вальс".

У складзе пастановачнай групы – галоўны рэжысёр Барыс Лагода, галоўны дырыжор Аляксандр Сасноўскі, галоўны мастак, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Яўген Ждан, мастак па касцюмах Вольга Жалонкіна, балетмайстар Юрый Лапша, хормайстар Святлана Пятрова. У якасці яшчэ аднаго "сцэнографа" можна назваць і Міністэрства абароны Беларусі, якое выдзеліла вялізную колькасць зусім новай маскіровачнай сеткі для афармлення спектакля. Так што, не хвалюйцеся: за лічаныя гадзіны, што засталіся да прэм'еры, з дапамогай той сеткі будуць замаскіраваныя ўсе рэпетыцыйныя хібы, і мы ўбачым (і пачуем) "Севастопальскі вальс" сапраўдным каралём вальсаў. Калі не І. Штрауса, дык А. Сасноўскага, які разам з цэлай брыгадай аранжыроўшчыкаў удасканальваў партытуру. А каб яе мелодыі былі больш запамінальнымі, у спектакль дадаткова ўведзены мантаж з вядомых старэйшаму пакаленню песень ваенных гадоў.

У ролі яшчэ двух "дадаткаў" (а калі сур'ёзна – паўнапраўных удзельнікаў спектакля) – Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Мінскі аркестр духавых інструментаў "Няміга".

Усе стваральнікі гэтага сумеснага праекта асноўнай "стратэгічнай" задачай лічаць аднаўленне характару эпохі, на якую прыходзілася маладосць сённяшніх ветэранаў. Ну, а на сцэне аднаўляць яе будуць такія нашы знакамітасці, як заслужаны артыст Украіны Арнольд Ранцанц, заслужаныя артысты Беларусі Аляксей Ісаеў, Герман Казлоў, Вячаслаў Фаменка – і ўсе-ўсе-ўсе. Так што прыходзьце – і ўсё ўбачыце. Нават калі глядзелі "Севастопальскі вальс" ў безлічы іншых пастановак, вам будзе цікава. Бо гэты спектакль – у літаратурна-сцэнічнай рэдакцыі Ірыны Шыцікавай.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 1999. – 19–25 чэрв. – С. 8.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: