Галоўная/Пресса/Хто смяецца апошнім? (1999 г., Культура)

Хто смяецца апошнім? (1999 г., Культура)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ХТО СМЯЕЦЦА АПОШНІМ?

З чарговага міжнароднага конкурсу з чарговымі званнямі лаўрэатаў вярнуліся нашы артысты балета. Але ж чарговы не значыць шараговы. I першае месца на III Міжнародным конкурсе імя Сержа Ліфара, якое занялі салісты балета Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, гэта вам не абы што: каля 60 удзельнікаў, прадстаўнічае журы на чале з Ю. Грыгаровічам. Да таго ж, паралельна конкурсу артыстаў балета там праводзіўся конкурс харэографаў. I, дзякуючы нашай "самай танцуючай пары", як іх назвалі на конкурсе, званне лаўрэата за лепшую харэаграфію атрымаў сёлетні выпускнік В. Елізар'ева Раду ПАКЛІТАРУ.

– Гэта адзіны такі конкурс на постсавецкай прасторы, які змяшчае "два ў адным". Ёсць, праўда, яшчэ ў Парыжы, але згадзіцеся, да Кіева даехаць прасцей – больш танна. Таму мы вельмі ўдзячны Міністэрству культуры і нашаму тэатру, якія аплацілі паездку.

– А што больш за ўсё запомнілася? Можа твары членаў журы, сярод якіх была знакамітая Людміла Семяняка? Ці яны "плылі перад вачыма"?

– Гэта хутчэй мы плылі перад іх вачыма. Бо другі тур доўжыўся каля васьмі з паловай гадзін, завяршыўся далёка за поўнач, а мы былі бліжэй да фіналу. Ужо нават гледачы пачалі разыходзіцца.

– Вядома! Ці ж можна глядзець па начах харэаграфію Паклітару, дзе што ні кампазіцыя, дык трагічны зыход. I гэта пры тым, што няма, здаецца, больш светлага, радаснага і па-малдаўску сонечнага чалавека, чым Раду.

– Разумееце, мне цяжка як танцоўшчыку змагацца са сваім целам. Вось я і пачаў з дапамогай харэаграфіі змагацца з целамі іншых.

– Ператвараючы целы ў трупы?

– Дарэмна смеяцеся! Мастацтва балета належыць да сферы ўзнёслых вобразаў, яму ўласцівы катарсіс. А выклікаць смех у зале даволі цяжка.

– I вы пайшлі па больш лёгкім шляху?

– Вам лепей бачна. Але ў маёй апошняй кампазіцыі "Quo vadis" на музыку С. Губайдулінай, дзе таксама гучаць малдаўскія найгрышы і сольны кларнет увасабляе жывёлін у вёсцы, пачатак нумара ідзе пад смех у зале.

– Падумаеш, смяяліся ўкраінцы на трэцім туры. Ці італьянцы, калі прысудзілі вам першую прэмію за харэаграфію гэтай кампазіцыі на Другім міжнародным фестывалі "Музыка ў свеце" (дарэчы, Юля з Косцем на тым фестывалі таксама атрымалі першую прэмію – за класічны дуэт). А калі ж пасмяемся мы, беларусы?

– Нядоўга засталося. Акурат 4 снежня ў тэатры музкамедыі адбудзецца Вечар сучаснай харэаграфіі. Прыходзьце?

– А калі я раптам не засмяюся?

– Значыць, я буду смяяцца апошнім.

Не смяялася, а старанна занатоўвала
Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 1999. – 20–26 лістап. – С. 9.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: