Галоўная/Пресса/"Мефiста": мiф цi рэальнасць? (2003 г., Народная воля)

"Мефiста": мiф цi рэальнасць? (2003 г., Народная воля)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"МЕФIСТА": МIФ ЦI РЭАЛЬНАСЦЬ?

12 красавіка на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра – балет "Мефіста". Спяшайцеся ўбачыць!

Перш чым з'явіцца на сцэне Беларускага музычнага тэатра, балет "Meфістa" прайшоў праз шмат пакут. Прэм'еру доўга адкладвалі, пераносілі, пакуль пастаноўка ўвогуле не аказалася пад пагрозай закрыцця. Але пад самы канец мінулага сезона "Meфістa" ўсё ж выпусцілі – аўральным чынам, гвалтоўна, цаной вялікіх нервовых страт i бяссонных начэй балетмайстра-пастаноўшчыка Уладзіміра Iванова.

Але прэм'ера "Meфістa" ўразіла, узрушыла, закранула да глыбіні душы i была надзвычай прыхільна сустрэта публікай.

Сапраўды, у "Мефіста" спалучылася шмат выдатных складаючых, якія проста не маглі не даць плёну.

Таленавітая музыка Уладзімipa Кандрусевіча – шматузроўневая, глыбокая, прасякнутая дыялектыкай сімфанізму i разам з тым кранальная i чыстая, як раптоўнае пачуццё, што ўспыхвае ў сэрцы галоўнага героя, доктара Фа, да бяздушнай Марго.

Вельмі ўдалае лібрэта Юліі Чурко – вольная фантазія па матывах трагедыі І. Гётэ "Фауст", дзе закрануты спрадвечныя праблемы чалавечага быцця.

Упэўнена засвоеная прастора музычнай партытуры, якую аркестр на чале з Генадзем Праваторавым увасобіў бездакорна. Бліскуча выкананыя партыі Мефіста (Віталь Краснаглазаў), Доктара Фа (Канстанцін Кузняцоў) i Марго (Юлія Дзятко), на канфлікце паміж якімі заснавана драматургія балета.

Балет "Мефіста" – дыпломная праца Іванова-балетмайстра, колішняй зоркі беларускага балета. З сярэдзіны 1970-х i да пачатку 1990-х гадоў спектаклі з яго ўдзелам былі сапраўдным святам для сталічных балетаманаў. Высокатэхнічны i артыстычны танцоўшчык, улюбёнец публікі, ён зіхацеў абаяльнасцю i дасканалай мужчынскай прыгажосцю (што, вядома ж, асабліва падабалася жаночай палове гледачоў. Kaлi артыст пакінуў сцэну, засмучаныя прыхільніцы пісалі яму на расклееных па горадзе афішах: "Валодзя, вярніся!.." І асыпалі ружамі падлогу ля дзвярэй яго кватэры).

I вось – дэбют Іванова-харэографа, які сёлета скончыў балетмайстарскае аддзяленне Беларускай акадэміі музыкі ў класе Валянціна Елізар'ева. Балет "Мефіста" пераканаў у тым, што свой жанр Уладзімір Іваноў засвоіў грунтоўна i дасканала.

Але ж, не паспеўшы з'явіцца на сцэнічных падмостках, балет ператварыўся амаль што ў "міф". Ідзе раз у месяц, пераважна ў першых чыслах, калі рэкламныя службы часам не паспяваюць расклеіць новыя рэпертуарныя афішы. Прычына, напэўна, у тым, што "гвоздём сезона" ў Беларускім музычным заклікана стаць іншая прэм'ера – "Юнона" i "Авось", галоўную ролю ў якой выканаў дырэктар тэатра. Спектакль, ідзе як мінімум па 4 разы ў месяц, мае масіраваную (хаця больш дакладна было б сказаць "раздзьмутую") рэкламу на тэлебачанні і ў прэсе.

Чаму ж дырэктар Музычнага тэатра спадар Icaeў з такой пагардай ставіцца да цікавага беларускага твора, які з гледжання мастацкіх якасцей цалкам пераканаўчы (чаго, нажаль, не скажаш пра дарагую яго сэрцу "Юнону", абсалютна справядліва сустрэтую прафесіяналамі ў штыкі)?

Выканаўцы галоўных партый Віталь Краснаглазаў, Юлія Дзятко i Канстанцін Кузняцоў – сапраўдныя зоркі беларускага балета, а праца ў "Мефіста" лепшае ix творчае дасягненне. Увогуле ж, гэты балет з вялікім поспехам мог бы прадстаўляць Беларусь на самых прэстыжных міжнародных культурных форумах. За такую высокамастацкую працу ніколі i нікому не будзе сорамна.

А ў родным тэатры "Meфіста" – у становішчы ізгоя.

Ці не дзіўна?..

Вольга БРЫЛОН.
Народная воля. – 2003. – 9 крас.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: