Галоўная/Пресса/Легенда ў стылi рок (2004 г., Настаўнiцкая газета)

Легенда ў стылi рок (2004 г., Настаўнiцкая газета)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЛЕГЕНДА Ў СТЫЛI РОК 

Тысячы разоў яны сустракалі світанне – там, каля сіняга возера! Чаму ж менавіта сёння свет для ix стаў такім цудоўным, што нават звычайная белая птушка неяк па-асабліваму кружыць у небе? А ўсё таму, што гэтай раніцай лёс падарыў ім першае каханне – доўгачаканае i непаўторнае... "Якая старая гісторыя", – скажаце вы. Не, адзначу я, – ВЕЧНАЯ.

Вось ужо больш месяца беларускі глядач можа зноў i зноў перажываць перэпетыі жыцця i кахання галоўных герояў рок-оперы Аляксандра Журбіна "Арфей i Эўрыдыка", пастаноўкай якой адкрыў свой чарговы сезон Беларускі дзяржаўны музычны тэатр.

Калі амаль трыццаць гадоў назад у опернай студыі Ленінградскай кансерваторыі адбылася прэм'ера першай савецкай рок-оперы "Арфей i Эўрыдыка", i на класічную сцэну ўварваліся жорсткія, перарывістыя і дробныя сучасныя рок-рытмы, тагачасная моладзь па заслугах ацаніла новы твор, які ў хуткім часе стаў сапраўднай легендай: ён вытрымаў больш за 2000 прадстаўленняў i заваяваў сабе прыхільнікаў на многія дзесяцігоддзі. Сёння паслухаць "Арфея" ідуць не толькі падлеткі i моладзь, але i ix бацькі, якія добра памятаюць "тую" пастаноўку i нават зараз захоўваюць у дамашняй фанатэцы рарытэтную пласцінку з запісам 1975 года.

Спектакль Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра – незвычайны. Пастаноўшчыкі вызначылі яго жанр як "рок-опера-балет". У тэатрах былога СССР ужо iшлі харэаграфічныя варыянты "Арфея", у якіх артысты балета танцавалі пад фанаграму "Поющих гитар". Мінская ж пастаноўка асаблівая тым, што ў ей арыгінальная харэаграфія злучаецца з жывым вакалам i гучаннем эстрадна-сімфанічнага аркестра. Цікава, што для пастаноўкі быў запрошаны вядомы балетмайстар – заслужены артыст Pacii, лаўрэат прэміі М. Бежара, лаўрэат міжнародных конкурсаў Кірыл Шмаргонер.

Уся прастора вялікай сцэны музычнага тэатра адначасова жыве i рухаецца: у адной яе частцы мы бачым спевакоў, а ў другой – ix калег-танцоўшчыкаў, якія ў той жа час выконваюць тыя самыя ролі. Моцнае ўражанне пакідае цікавая сцэна ў пачатку спектакля, якая паказвае нараджэнне кахання галоўных герояў – Арфея (спявае Аляксей Грыненка, танцуе дыпламант міжнароднага конкурсу Віталь Краснаглазаў) i Эўрыдыкі (Ілона Казакевіч i Наталля Коўш). У нейкі момант, кaлi глядач знаходзіцца пад моцным уражаннем дзеі, як сімвал кахання i як адлюстраванне чароўнай necнi, якую яно нараджае, на сцэне з'яўляецца незвычайны персанаж – белая птушка (танцуе лаўрэат міжнародных конкурсаў Канстанцін Кузняцоў). Птушка жыве на сцэне настроем герояў: яна пяшчотная i радасная, калі Арфей i Эўрыдыка шчаслівыя, i змрочна-пакутлівая, калі Арфей не можа справіцца з грузам папулярнасці i страчвае чароўную песню кахання. Надзвычай цікавы вобраз Харона стварае на сцэне саліст балета Максім Кілееў. Яго герой – страсная i цікавая асоба. Ён расказвае разгубленаму Арфею сумную гісторыю свайго жыцця, i той, перакананы ў неабходнасці вяртання да каханай, накіроўваецца да Эўрыдыкі – "в надежде себя ушедшего найти". Але... Песня кахання згублена – распешчаны славай Арфей не змог зберагчы яе.

Што можа зрабіць Эўрыдыка? "Ты не любишь, Орфей, твое сердце во льду", – кажа яна каханаму. Сапраўды, не песня нараджае каханне – толькі яно само становіцца крыніцай натхнення для спевака. І сэрца Арфея зноў становіцца чыстым i моцным – ён больш не баіцца славы i Фартуны. Каханне дапамагае яму вярнуць гармонію душы, вярнуцца да сябе сапраўднага.

"Арфей i Эўрыдыка" – спектакль аб кaxaннi, аб здольнасці чалавека асэнсаваць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці. Сёння, як ніколi, матыў пераацэнкі каштоўнасцей гучыць з тэатральнай сцэны надзвычай актуальна. Нягледзячы на тое, што рок-оперы "Арфей i Эўрыдыка" амаль 30 гадоў, яе папулярнасць не змяншаецца – а гэта прыкмета таго, што твор стаў класікай.

Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Настаўнiцкая газета. – 2004. – 7 снеж. 



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: