« НазадКАХАННЕ ТОЕ МАЦУЮЦЬ ТРОЕ"Сільва", пастаўленая ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, цалкам пацвердзіла азначэнне гэтай аперэты І.Кальмана як "вечна маладой". Толькі цяпер яно тычылася не адно аўтарскай партытуры, а ўсіх трох складнікаў спектакля: уласна пастаноўкі (уключаючы лібрэта ў аўтарскай версіі рэжысёра Сусанны Цырук), яе ўвасаблення рознымі складамі артыстаў і нават саміх гледачоў. Асалоду ад музыкі Імрэ Кальмана забяспечыў прызнаны майстар тонкай выразнасці Алег Лясун, які нядаўна стаў галоўным дырыжорам тэатра. Ужо з першых тактаў уверцюры склалася ўражанне, што мы глядзім на свет кампазітарскіх фантазій праз чыстыя, вымытыя вокны пасля доўгай зімы разам з капрамонтам. З мелодый, што, здаецца, ужо набілі аскоміну сваёй хітовасцю, знялі не толькі верхнюю "пабелку", але і яшчэ некалькі слаёў ранейшай "касметыкі", а то і проста бруду, – і яны заззялі яркімі, асветленымі сонцам фарбамі: "вокны" ў пачатак ХХ стагоддзя ("Сільва" была напісана ў 1914–1915 гг.) ператварыліся ў вітражы, але – са зменлівымі колерамі. З усёй паўнатой адчулася музычная драматургія партытуры: замест паўтораў мелодый паўстала дасканалая сістэма лейтматываў, што змянялі свае абліччы адпаведна сцэнічнай сітуацыі. Бы ў казцы: адзін рух чароўнай палачкі – і… А насамрэч – вялікая праца, заснаваная, да ўсяго, на жаданні саміх аркестрантаў рушыць на новую прыступку прафесіяналізму. Імя пастаноўшчыка – Сусанны Цырук, якая нядаўна стала галоўным рэжысёрам тэатра, – яшчэ да ўбачанай прэм'еры настройвала на штосьці незвычайнае, вельмі стыльнае, надзвычай сучаснае, адпаведнае найноўшым еўрапейскім тэндэнцыям. Тым больш, што, паводле традыцыі, яна працавала разам са сваёй "камандай", вядомай у нас па спектаклі "Аднойчы ў Чыкага". Як вызначыла сваю "Сільву" сама рэжысёр, гэта – "высокі мадэрн", без венгерскага каларыту ў афармленні, але з дынамікай у сцэнічным дзеянні, з ярка акрэсленым "светам куліс", дзе "няма мяжы паміж тэатрам і жыццём". Але нават пасля такой папярэдняй "артпадрыхтоўкі" ўбачанае найперш здзівіла. Прычым ужо цягам згаданай уверцюры: пасля таямнічага гучання лірычнай тэмы, на фоне далейшай надзвычай каларыстычнай музыкі – трывожная чорна-белая графіка халоднага бляску металічных канструкцый (мастачка Таццяна Каралёва). Ды раптам – "карцінка" ажывае! І халодны метал разаграваецца да чырвоных усплёскаў гарачых пачуццяў. Сцэнічныя ж строі, асабліва – так званай "масоўкі", можна разглядаць да бясконцасці, бы надзвычай стыльную конкурсную калекцыю авангарднай моды (Таццяна Каралёва-малодшая). Парадокс, але пры такой разнастайнасці, калі вочы, у поўным сэнсе слова, разбягаюцца, калі кожны з "масоўкі" мае не толькі свой касцюм, але і свае паводзіны і нават свой лёс (у С.Цырук практычна не бывае звыклага падзелу на цэнтральных і другасных герояў), думка засяроджваецца на галоўным: пра што цяперашні спектакль? Гэтае пытанне ў дачыненні да "Сільвы" заўсёды вырашалася аднолькава: пра сацыяльную няроўнасць і каханне, што яе перамагае. Новая пастаноўка – пра іншае. Пра лёс жанчыны, пастаўленай перад выбарам: тэатр – ці каханне і сям'я. Змяніўся і жанр. Замест "мыльнай" меладрамы з даўно размеркаванымі ролямі-маскамі– ланцужок псіхалагічных дуэлей і люстэркавых адбіткаў: не толькі Сільва + Эдвін і Боні + Стасі, але і Сільва + маці Эдвіна (вось яно, люстэрка часу!), Эдвін + лейтэнант Ронс (люстэрка супрацьлегласцей), Боні + Натарыус (дапаможнік, як правільна і як няправільна будаваць стасункі з гуллівай стайкай прыгажунь), Фэры + Мішэль (апошнія з рамантыкаў, таму – бы блізняты, што разумеюць адно аднаго з паўслова-паўпогляду) і многія іншыя. Нарэшце, гледачы ў зале + на экране: вочы ў вочы. Але ўсе гэтыя філасофскія дадаткі гэтак жа тонка і акрэслены: быццам на аднатоннай, але багатай на адценні карціне, дзе фантазіі гледача могуць не толькі расшыфраваць свядома кінутыя аўтарскія "знакі", але і дамаляваць куды больш, чым задумвалася.
Нечаканымі ў дачыненні да сваіх ранейшых партый і абсалютна рознымі аказаліся Наталля Гайда і Лідзія Кузьміцкая (маці Эдвіна, якой, акрамя музыкі І.Кальмана, дадалі яшчэ фрагмент з аперэты "Баль у Савоі" венгерскага кампазітара Пала Абрахама). Першая – увасабленне маці, другая – прымадонны ў ролі княгіні. У адной – настальгія, у другой – "пакута актрысаю быць" і яшчэ большая пакута – ёю не быць. І ў абедзвюх – аднолькавая формула шчасця: каханне, свабода, музыка. Брава! Формула ж кахання будзе выведзена 11 красавіка. У канцэрце "Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне" сыйдуцца салісты Музычнага і Вялікага тэатраў – хто каго? Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымках: Маргарыта Александровіч; Наталля Гайда і Аляксандр Асіпец. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com