Галоўная/Пресса/"SUMMERTIME" патрабуе працягу (2011 г., Мастацтва)

"SUMMERTIME" патрабуе працягу (2011 г., Мастацтва)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"SUMMERTIME" ПАТРАБУЕ ПРАЦЯГУ

11-86a Музычны тэатр – у мінулае або ў будучыню?

У Беларускім акадэмічным музычным тэатры быў прэзентаваны надзвычай цікавы праект – мюзік-шоу "Summertime", пастаўленае нашым рэжысёрам Анастасіяй Грыненка.

Правядзенне творчых вечароў, паказ эксклюзіўных музычных праграм або шоу сталі трывалай практыкай з 2010 года, калі да кіраўніцтва прыйшла новая каманда на чале з дырэктарам Аляксандрам Пятровічам. Рэвю "Прывітанне, Брадвей!", што сталася "першай ластаўкай", было пабудавана на фрагментах з амерыканскіх мюзіклаў, пра якія мы часта маем вельмі прыблізнае ўяўленне. Услед за рэвю з’явілася праграма "Музычны калейдаскоп", што годна прадстаўляла здабыткі беларускіх кампазітараў (прычым як прызнаных класікаў, так і цяперашніх аўтараў) – песні, урыўкі з опер і сімфанічных твораў. Далей даросламу гледачу і дзецям было прапанавана "Энцін-шоу", складзенае з твораў, напісаных кампазітарам Юрыем Энціным. Сур’ёзным праектам падаліся "Музычныя вечары з Аляксандрам Анісімавым": аркестру тэатра карысна папрацаваць з дырыжорам такога ўзроўню, з’яўленне на сцэне Музычнага вядомых спявачак Ірыны Крыкуновай і Аксаны Волкавай устанавіла высокую планку для вакалістаў трупы.

Аматараў камернай вакальнай музыкі збіралі праграмы рамансаў "Споведзь жанчыны" і "Калядны альбом", з густам пастаўлены маладым рэжысёрам Ганнай Маторнай. Уважлівы слухач звярнуў увагу на тое, што кожны праект прадстаўляў пэўны музычны накірунак і быў адрасаваны мэтавай аўдыторыі. У адрозненне ад іх "Summertime" аб’яднаў уладальнікаў самых розных густаў.

Мюзік-шоу стала сапраўдным спектаклем, пабудаваным па ўсіх законах жанру. У яго аснове – якасная класічная музыка і пісьменная рэжысура, разумнае выкарыстанне прынцыпу кантрастаў. Апошні праявіўся пры чаргаванні англамоўных і рускамоўных кампазіцый, мінору і мажору, савецкіх шлягераў, аперэтачных куплетаў (напрыклад, з "Баядэры" Імрэ Кальмана) і ўрыўкаў з замежных мюзіклаў (з "Вестсайдскай гісторыі" Леанарда Бернстайна). Гэта надало дзеянню дынамізм і эфектнасць.

А завершанасць і цэласнасць шоу абумовіла прафесійная праца сцэнографа Любові Сідзельнікавай. Экран, прымацаваны на задніку сцэны, стаў дадатковай "дзейнай асобай" вечарыны. Беларускія лясныя краявіды змяняліся бязмежным акіянам, а той… кінакадрамі. Напрыклад, славуты дуэт Крысціны і Прывіда (Ілона Казакевіч і Дзмітрый Якубовіч) з мюзікла "Прывід оперы" суправаджаўся кадрамі з аднайменнага фільма.

Што да акцёрскіх работ, дык хацелася б адзначыць высакародную манеру выканання Алега Прохарава, лаўрэата конкурсу "Рамансіяда", і лірызм Лесі Лют (найперш у арыі Асоль з малавядомага, на жаль, мюзікла Валерыя Іванова "Пунсовыя ветразі"). Але асаблівага захаплення заслугоўвае Кацярына Дзегцярова, адна з вядучых салістак трупы, якая на працягу вечара здолела пераканаўча выступіць у чатырох разнастайных амплуа: камічным (Эліза Дулітл з мюзікла "Мая чароўная лэдзі"), лірычным (нумар "Аднойчы ў снежні"), брутальна-"крымінальным" (фрагмент з "Трохграшовай оперы" – разам з Дзянісам Нямцовым) і вострадраматычным (нумар "Калі ласка, не памірай" быў прысвечаны артыстам тэатра, якія пайшлі з жыцця). Прычым у кожным эпізодзе актрыса выглядала натуральна і шчыра.

З’яўленне такіх праграм, як "Summertime", адметнае шэрагам істотных момантаў. Па-першае, яны дазваляюць захаваць у рэпертуары нумары са спектакляў, што па розных прычынах не ідуць на сцэне (рок-оперы "Арфей і Эўрыдыка", "Юнона" і "Авось", мюзікл "Мая чароўная лэдзі"). Па-другое, дапамагаюць засвоіць музычны матэрыял, які, магчыма, калісьці стане часткай новага спектакля, у прыватнасці, заходняга мюзікла. Па-трэцяе, такія праграмы з’яўляюцца выразным кантрастам рэпертуарнай палітыцы Музычнага. Прыход у калектыў новай каманды азначаў адмову ад ранейшага курса на бязмежную забаўляльнасць. Неаднаразова на прэс-канферэнцыях гучалі заявы пра намер будаваць паўнавартасны Музычны тэатр, дзе на сцэне будуць існаваць не толькі класічная аперэта і музычная камедыя, але таксама мюзікл, балет, у перспектыве нават опера.

Аднак практычная рэалізацыя гэтых планаў пакуль сутыкаецца з пэўнымі цяжкасцямі. З апошніх прэм’ер высокаму статусу акадэмічнага тэатра, на маю думку, адпавядаюць толькі "Аднойчы ў Чыкага", "Сільва" і балет "Мефіста" (шкада, што выканаўцы галоўных партый у апошнім спектаклі з’ехалі ў іншую краіну: пытанне, ці будзе балет прысутнічаць на афішы далей, застаецца адкрытым). Пастаноўкі "Мая жонка – ілгуння", "Аршын мал Алан" і "Блакітная камея", на жаль, вяртаюць трупу ў мінулае. Пры гэтым па-майстэрску зробленыя шоу і праграмы, якія адпавядаюць крытэрыям акадэмічнасці, часцей за ўсё паказваюцца адзін раз і здаюцца ў архіў. А глядач у рэшце рэшт вымушаны ацэньваць узровень тэатра па тым рэпертуары, што не заўсёды падкрэслівае яго лепшыя якасці. Ці не прыйшоў час даць перспектыўным праектам сталую прапіску на сцэне Музычнага?

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Мастацтва. – 2011. – № 7. – С. 13.

На здымку: Ілона Казакевіч, Дзмітрый Якубовіч.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: