« НазадМУЗЫЧНЫ ТЭАТР АДНАЎЛЯЕ ДОБРЫЯ САВЕЦКІЯ ТРАДЫЦЫІСёння ў сталічным Музычным тэатры адбудзецца гала-канцэрт, які завершыць міжнародны тыдзень музычнага мастацтва "Наталля Гайда запрашае". Усе квіткі на гэты вечар былі раскуплены больш чым за тыдзень да мерапрыемства. Канцэрт складаецца з двух аддзяленняў: балетны дывертысмент і вакальныя нумары. Усё гэта з удзелам запрошаных тэатральных "зорак".
— Ідэя такога фестывалю з'явілася спантанна. І ўсе вельмі ўзрадаваліся, — распавядае Сусана Цырук, галоўны рэжысёр Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра, — Ні для каго не сакрэт, што пасля развалу Савецкага Саюза спыніліся штогадовыя традыцыйныя двухмесячныя ўзаемагастролі саюзных тэатраў. І ўжо цэлае акцёрскае пакаленне наогул не ведае, што гэта такое — "людзей паглядзець і сябе паказаць". Засталіся адзінкавыя тэатры ў краіне, якія дазваляюць сабе выехаць на вялікія гастролі. А тое, што ў спектаклях побач з нашымі акцёрамі з'яўляюцца запрошаныя, толькі дадае свежасці, навізны. Новыя партнёры, рэакцыі, мізансцэны. Заўжды прысутнічае элемент нечаканасці, таму што за дзве рэпетыцыі акцёры не могуць так "прыцерціся" адно да аднаго. Беларускія гледачы мелі магчымасць убачыць чатыры звыклыя спектаклі ва ўнікальным паўімправізацыйным выкананні: "Бабін бунт" Я. Пцічкіна, "Аршын мал алан" У. Гаджыбекава, "Сільва" І. Кальмана, "Граф Люксембург" Ф. Легара. Цікава, што тыдзень музычнага мастацтва — гэта не толькі спектаклі, але і майстар-класы, творчыя сустрэчы і нават "круглы стол" па пытаннях тэатральнага менеджменту. Так што Наталлі Гайдзе ўдалося арганізаваць, па сутнасці, сапраўдны тэатральны форум. Спадзяёмся, ён будзе квітнець і ўдасканальвацца. — Мы хочам паказаць, што мы ўсё можам арганізаваць самі на прафесійным узроўні, — распавядае мастацкі кіраўнік мінскага Музычнага тэатра Адам Мурзіч. — І магчыма, у наступны раз у нас з'явяцца і спонсары, і дзяржаўная падтрымка. А што тычыцца гастроляў і абмену творчым вопытам... У чэрвені на 25 дзён у Мінск з гастролямі прыедзе Екацярынбургскі тэатр музычнай камедыі. Аматары аперэты — танцуйце! Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com