« НазадЧАМУ "НІХТО НЕ ХАЦЕЎ", АЛЕ "ВІНАВАТЫЯ ЎСЕ"
Вось і з гэтым мюзіклам Л.Бернстайна, з якога многія даследчыкі пачынаюць адлік папраўдзе класічных прыкладаў жанру, ужо ўзнікаюць пытанні: маўляў, каму ўсё гэта ў нас цікава? Ставілі б сабе традыцыйныя аперэты, жылі б спакойна, публіка і так ходзіць. Ну не "наша" гэта тэма: "разборкі" паміж дзвюма падлеткавымі групіроўкамі, ды яшчэ на нацыянальнай глебе. Так і ёсць! Але тэма новага спектакля куды шырэйшая. Яго "прасоўванне", як заўважыў пасля прагляду адзін знаўца рэкламнага бізнесу, можна было б пабудаваць на трох слоганах — прыблізна такіх: "Выбух пачуццяў — як у "Рамэа і Джульеце" Шэкспіра. Бойкі — як у "Бандах Нью-Ёрка" з Леанарда дзі Капрыа. Рэвалюцыя музычнага тэатра — як на пачатку новай эпохі". Спектакль закранае актуальную для ўсіх часоў і народаў, папраўдзе вечную і ўсюдыісную, праблему падлеткавай агрэсіі (якая, між іншым, правакуецца ўжо самой фізіялогіяй "пераходнага перыяду" чалавечага арганізма) і, адпаведна, бацькоў і дзяцей. Як жа вырашае яе тэатр? Менавіта тэатр, а не толькі сам твор, бо амерыканскі бок, падарыўшы права паказаць спектакль 50 разоў цягам года, прадугледзеў і сумесную арыгінальную пастаноўку, а не проста перанос той, што была ўпершыню ўвасоблена 55 гадоў таму. У лібрэта А.Лоўрэнца, акрамя ўласна тэксту п’есы, падрабязна прапісаны ўсе мізансцэны, і нават характар ды выгляд кожнага персанажа. Захаваўшы знешнія прыкметы, рэжысёр Настасся Грыненка па-свойму расстаўляе псіхалагічныя акцэнты. Забойства Рыфа, які верхаводзіць групоўкай "Ракеты", адбываецца выпадкова: ён папросту натыкаецца на нож у руках Бернарда, які ўзначальвае суполку пуэртарыканцаў пад назвай "Акулы". Той сам разгублены такім зыходам. І — гіне ад рукі раз’юшанага Тоні, які яшчэ імгненне таму быў перакананы, што трэба вырашыць усё мірам. Атрымліваецца гэткі тэатралізаваны "метадычны дапаможнік" па вывучэнні псіхалогіі натоўпу і калектыўнага падсвядомага, які дае адказ на такія балючыя, асабліва для падлеткаў, пытанні, чаму "ніхто не хацеў", але "вінаватыя — усе".
Бойкі, дарэчы, пастаўлены лепш, чым у самым выдатным кінафільме, бо ў апошнім спрацоўвае мантаж, а тут — перад вачыма, як на далоні, уся карцінка цалкам. Там працуюць каскадзёры, тут — самі артысты, найперш — вядучыя салісты. Можна назіраць за агульнай мізансцэнай, сачыць за тым або іншым героем — усё, да найдрабнейшых дэталей, зроблена надзвычай натуральна і, разам з тым, па-мастацку. Карпатлівая праца над гэтым спектаклем дала трупе вельмі шмат. Тое, як пачалі рухацца салісты і маладыя артысты хору (а дзейных асоб у "Вестсайдскай гісторыі" — амаль чатыры дзясяткі), — неверагодна, але факт. Пры гэтым яны яшчэ і спяваюць! Спеўны ансамбль, змешчаны ў аркестравай яме (хормайстар — Святлана Пятрова), — толькі для падтрымкі і эфекту "масавасці", ён не замяняе таго, што спяваецца са сцэны. А партыі тут, шчыра скажам, могуць скарыцца не ўсім і далёка не адразу: нязвыклыя для славянскага вуха рытмы, інтанацыі, гармоніі, тэмбравае начынне аркестра. Некаторыя ўдарныя інструменты тэатр атрымаў у падарунак, але дырыжору Мікалаю Макарэвічу ўсё роўна давялося рабіць адаптацыю партытуры для нашых умоў. У некаторых фрагментах, нічога не змяняючы, ён карэкціраваў нотны запіс, каб нашым аркестрантам было зручней арыентавацца ў тэксце, дзесьці, наадварот, шукаў тэмбравыя аналогіі. Канчатковыя кропкі над "і" расстаўляў дырыжор-пастаноўшчык Філіп Сіманс (ЗША). Ды ўсё ж, пэўна, з цягам часу некаторыя тэмпы стануць больш рухавымі. А музыка, калі выканаўцы яе канчаткова "паспытаюць на зуб" і, галоўнае, "разжуюць", набудзе сапраўдны "смак". Джаз нельга граць, спяваць і танчыць без "кайфу"! Мы ж прызвычаіліся "ўкладаць усе сілы", а не атрымліваць асалоду ад самога працэсу музіцыравання. Значыць, трэба змяняць свае звычкі!
Не самыя, на мой погляд, удалыя сцэнічныя строі, прапанаваныя Юліяй Бабаевай (а фінансаванне таксама адыгрывае ролю ў выбары тканін і колераў) кампенсуюцца ўнёскам мастака-пастаноўшчыка Андрэя Меранкова: ён надзвычай удала сумясціў металічныя канструкцыі з некалькіх спектакляў, стварыўшы атмасферу халодна-бліскуча-змрочнага горада. Філасофскі змест нясуць і супер-заслона ў выглядзе графіці (чым не сімвал двое галубоў, што падобныя сваімі крыламі да раскрытых далоняў з растапыранымі пальцамі?), і партрэт Чэ Гевары, што вісіць на баку "акул" (пуэртарыканец па паходжанні, ён культываваў ідэю, што сапраўдны герой памірае маладым). Мы ж прапануем іншае прыслоўе: героі — усе ўдзельнікі спектакля, старыя і маладыя, якія спяваюць, танчаць і проста гавораць, іграюць і жывуць — натуральна і шчыра. Асабліва Ілона Казакевіч (Марыя), Дзмітрый Якубовіч (Тоні), Віктар Цыркуновіч (Рыф), Дзяніс Мальцэвіч (Бернарда), Святлана Мацыеўская (Аніта), Аляксандра Жук (Нічыя), Аляксей Кузьмін (Док), Аляксандр Асіпец (Шрэнк), Людміла Сучкова (Масавік-забаўнік) — пералічваць можна ўсіх! Не верыце? Глядзіце самі. У спектаклі ёсць што і паглядзець, і абмеркаваць. Ёсць чаму павучыцца — у мастацтве і жыцці… Надзея БУНЦЭВІЧ. http://kimpress.by/index.phtml?page=2&id=7458 На здымках: сцэны са спектакля. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com