« НазадАСОЛЬ, ЯКАЯ НЕ ЧАКАЛА ПУНСОВЫХ ВЕТРАЗЯЎ
Сапраўды, гісторыя пра непахісную веру ў цуд і сапраўднае каханне, якое перамагае ўсе нягоды, не можа не натхняць. Таксама нельга забываць, што творчасць Грына асабліва блізкая беларусам — яго бацька, Стэфан Грынявіцкі (русіфікавана Сцяпан Грынеўскі) паходзіў з беларускай шляхты Дзісненскага павета Віленскай губерні (сёння Міёрскі раён Віцебскай вобласці). За ўдзел у паўстанні Каліноўскага быў сасланы ў Калывань Томскай губерні, пасля пераехаў у Вяцкую губерню, дзе яго жонка Ганна нарадзіла ў 1880 г. сына Аляксандра. Пастаноўка "Асолі" ажыццяўлялася пры садзеянні Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Стваральнікі спектакля прачыталі "Пунсовыя ветразі" па-свойму. Саўчык зрабіў музычнае вырашэнне далёкім ад пяшчотна-рамантычнага, Іваноў пераклаў рамантычную прозу на сучасную і экспрэсіўную мову балета. Гледачоў чакае свет жарсцяў і спакус, вандроўка ў падводнае царства, шэраг супярэчлівых уражанняў. Аднак у спектаклі няма ні пунсовых ветразяў, ні некаторых звыклых персанажаў. Затое ў балеце ёсць новая дзеючая асоба — Апавядальнік (Артур Іваноў), які, магчыма, увасабляе самога аўтара аповесці. З вялікай колькасці маладых хлопцаў і дзяўчат ён выбірае гераіню будучага балета — Асоль (Міку Сузукі). Знаёмства з Апавядальнікам змяняе яе жыццё. Спачатку яна сустракаецца з русалкамі і адчувае, што сапраўднае каханне зусім побач. Аднак трэба прайсці праз шматлікія спакусы і перашкоды, спазнаць свет і саму сябе, знайсці сваё "Я", і толькі тады лёс падорыць спатканне з каханым. Трэба адзначыць, што капітан Грэй (Дзмітрый Лазовік) таксама не паўстае перад гледачом звыклым станоўчым персанажам. Ён бунтар ад прыроды, любіць гульню ў карты, праматаў усю сваю спадчыну. Аднак пры сустрэчы з Асоль у яго сэрцы загараецца светлы агеньчык кахання. Менавіта на гэтым моманце аўтары спектакля ставяць кропку. Дзіяна КАРОЛЬ. На здымку: Артур Іваноў у вобразе Апавядальніка. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com