Галоўная/Пресса/Формула пакуль не для нашых? (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 23.03.2013)

Формула пакуль не для нашых? (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 23.03.2013)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ФОРМУЛА ПАКУЛЬ НЕ ДЛЯ НАШЫХ?

Аўтарскія вечары кампазітараў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі — не рэдкасць. Гэтым разам шанавалі знакамітага Генадзя Гладкова, які дзеля гэтага прыехаў з Масквы. Ды развагі музычнага крытыка сягнулі зусім у іншую плоскасць…

Госць наўмысна не прысутнічаў на рэпетыцыях, увогуле "адасобіўся" ад падрыхтоўкі вечара, пакінуўшы сабе свята "чакання цуду". І цуд адбыўся! Для беларускіх артыстаў — звычайны: у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, сіламі якога пераважна і здзяйсняўся праект, ідуць ажно тры спектаклі на музыку Г. Гладкова (а сёння ў Палацы прафсаюзаў будзе прэм'ера чацвёртага — студэнцкага). Для расійскага творцы — хутчэй, надзвычайны. Трэба было бачыць, як ён жыва рэагаваў на прыдумкі рэжысёра Настассі Грыненка, харэографа Дзмітрыя Якубовіча, дырыжора Мікалая Макарэвіча і ўсіх удзельнікаў: усміхаўся, смяяўся, спяваў разам з артыстамі, дырыжыраваў з ложы! А ў фінале, запрошаны на сцэну, адкрыў сваю ўласную "Формулу кахання" (менавіта так, паводле аднайменнага фільма з ягонай музыкай, быў названы вечар): трэба любіць музыку і людзей. Але ж ці ўпадабаў ён нашых выканаўцаў?

У знак прызнання кампазітар раздаў аркестрантам каляровыя буклеты да нядаўняга канцэртнага выканання беларускімі артыстамі ў Маскве сваіх "Брэменскіх музыкаў" — вядома, з аўтографамі. Узрушаны былі і гледачы: цудоўны сцэнарый, адметнае тэатралізаванае выкананне, а не ўсім заўважныя хібы, выкліканыя надта паспешнай падрыхтоўкай і малой колькасцю рэпетыцый, папросту патаналі ў агульным творчым уздыме, вяснова-сонечным настроі і флюідах любові да мелодый Гладкова з боку артыстаў. Калі дагэтуль некаторыя філарманічныя слухачы ставіліся да нашага музычнага тэатра з доляй снабізму (маўляў, ну што там можа быць цікавага, у гэтай "Музкамедыі"?), дык цяпер, мяркую, пабягуць на чарговыя паказы прэм’ернага "Звычайнага цуду" (гл. "К" № 8 за 2013 г.). Дый сам гэты канцэрт варты афішы тэатра, бо ўжо сам па сабе — паўнавартасны спектакль, складзены з мініяцюр!

Аднак, адбіўшы далоні ў апладысментах, я адчула, што рукі так і свярбяць напісаць галоўнае. Такія канцэрты, зробленыя з творчым натхненнем і сапраўднай любоўю, павінны б ладзіцца і ў гонар беларускіх кампазітараў. Бо часцей бывае наадварот: кампазітар вымушаны займацца ўсім сам — ад ідэі "ўшанаваць сябе" да арганізацыйных дробязей, уключаючы нават распаўсюджванне білетаў. А між тым, добра зладжаны, з кідкай назвай, азораны феерверкам нечаканых сцэнарных хадоў (а дзе трэба, і жартаў), тэатралізаваны канцэрт беларускай музыкі (у тым ліку да спектакляў і кіно) мог бы стаць рэпертуарным. І не адно ў Музычным тэатры, але і ў Вялікім. Рэсурсы падобных спектакляў-канцэртаў, рэвю ды іншых сінтэтычных жанраў — вялізныя…

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2013. – 23 сак



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: