Галоўная/Пресса/Дзіцячы… дэтэктыў (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 27.04.2013)

Дзіцячы… дэтэктыў (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 27.04.2013)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ДЗІЦЯЧЫ… ДЭТЭКТЫЎ

13-89aА вы прыдбалі анцістрашын?, або Прыцэп — на рэпертуар?

Дыпломныя працы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў не заўсёды перарастаюць узровень вучэбных практыкаванняў. І гэта нармальна, бо іх галоўнае прызначэнне — навучыць і ацаніць: як здабыткі, так і прагалы. Але мюзікл Г.Гладкова "Ёхім Ліс — дэтэктыў з дыпломам", паказаны выпускнікамі па спецыяльнасці "акцёрскае мастацтва музычнага тэатра", уяўляе з сябе абсалютна самадастатковую пастаноўку, якая магла б упрыгожыць рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і з поспехам паказвацца на выездах.

Пакуль жа адбыліся чатыры спектаклі на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Нельга сказаць, што яны прайшлі з поўным аншлагам (перш чым набыць білеты, гледачы павінны хаця б даведацца, "што, дзе, калі" адбудзецца). Але тыя, хто патрапілі на спектакль, засталіся ў захапленні. Праўда, уражанні ад розных складаў былі надзвычай супярэчлівымі: адзін — супер-прафесійны, другі, за рэдкім выключэннем, — не больш, чым вучнёўскі (у рэшце рэшт, дыпломныя адзнакі не могуць быць ва ўсіх аднолькавымі, і гэта таксама нармальна). Але звернем увагу на лепшае.

Увагу прыцягвае ўжо выбар матэрыялу. Казка шведскага пісьменніка Інгемара Фьёля — што называецца, цукерачка. А музыка Г.Гладкова і асабліва песенныя вершы Юрыя Энціна — яе адметнае начынне: то салодкае, а то і востра-выбуховае, разлічанае на рэакцыю не толькі дзяцей, але і дарослых. Праўда, у фінале штосьці можна было б і адрэдагаваць. Бо самыя прывабныя, каларытныя героі, якія падабаюцца дзецям больш за ўсіх, аказваюцца адмоўнымі: Расамаху з Ваўком адпраўляюць у звярынец, не дараваўшы скрадзенага малінавага варэння, хаця яны вярнулі яго не паспытаўшы. Але на фінальнай песеньцы апошнія выходзяць з-за кратаў, каб спяваць разам з астатнімі. Як растлумачыць усё гэта дзіцяці? Ці не лепш было б, каб "злодзеі" перавыхаваліся? Ці каб фінальнае тэлефанаванне Лісу было з іншай нагоды? Яго запрашаюць расследаваць абрабаванне сталічнага банка. А можна было б — усяго толькі паведаміць пра паспяховую здачу іспыту: маўляў, Расамаха з Ваўком атрымалі заданне інсцэніраваць крадзеж, каб праверыць дэтэктыва на практыцы.

Сцэнаграфія Андрэя Меранкова — некалькі елачак на кольцах, што запальваюцца "акенцамі", бы гарадскія хмарачосы, паварочваюцца рознымі бакамі. Адна з іх увогуле расхінае аканіцы, ператвараючыся ў кіёск-краму Барсука Баніфацыя (Арцём Блахін, які іграе куды лепш, чым спявае). Сцэнічныя строі Таццяны Лісавенка — дастаткова ўмоўныя, але абсалютна зразумелыя: ніхто з дзяцей звяроў не блытае. Яшчэ і таму, што рэжысёрам Настассяй Грыненка, харэографам Дзмітрыем Якубовічам і самімі артыстамі добра перададзены характары персанажаў — праз пластыку, манеры, самі інтанацыі голасу.

13-89cСярод выканаўцаў вылучаюцца Кацярына Мошчанка (вельмі абаяльная разумніца Ліса Амалія, што выводзіць каларатуры лепш за салаўя), Эдуард Вайніловіч (менавіта тады, калі ён іграе Рамуальда Расамаху, бо Ёхім Ліс атрымліваецца ў яго нейкім злосным недарэкам), Аляксандр Шкут (для ролі Ваўка ён агаліў палову галавы, пафарбаваўся ў чорны і зрабіў іракез), Аляксандра Рымкевіч і Дар’я Валожына (у розных складах — практычна ідэнтычныя Барсучыхі), Шамхал Хачатуран (Ёхім Ліс). Можна толькі павіншаваць наш Музычны тэатр, што ён папоўніць сваю трупу такімі каларытнымі (і, што вельмі важна, спеўнымі) артыстамі. А вось Аляксандра Жук, якая працуе ў тэатры ажно з першага курса, калі была запрошана на партыю Чырвонага Каптурыка, усю ролю Зайца Гвідона ажно зрывалася на фальцэт. Можа, проста выпадковасць — ці маладая артыстка ўжо падпала пад уздзеянне аперэтачных стэрэатыпаў?

Ды ўсё ж галоўнае пытанне — што далей? Гэты спектакль па сваім узроўні куды вышэйшы за некаторыя з тых, што бачым у рэпертуары тэатра. Шкада было б яго страціць. І навошта? Усё — гатова. Толькі "бяры ды круці". Няўжо для гэтага трэба выпіць лекавы "анцістрашын", пра які гаворыцца ў спектаклі?

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ.
Культура. – 2013. – 27 крас. – 4 мая.

На здымках: сцэны са спектакля.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: