« Назад
Бедуінкі з кастаньетамі Балет "Клеапатра" ў Беларускім музычным тэатры Вынікам плённага культурнага дыялогу Беларусі і Азербайджана зрабіліся дзве летнія прэм’еры ў сталічных тэатрах, дзве буйныя балетныя пастаноўкі: "Каханне і смерць" Палада Бюльбюль-аглы і "Клеапатра" Гяльсят Шайдулавай. Сімвалічны і манкі вобраз Клеапатры, напоўнены міфічнымі фарбамі, як магічны крышталь, ззяе скрозь стагоддзі, прывабліваючы мастакоў розных стылявых напрамкаў усяго свету. Старонкі з жыцця апошняй егіпецкай царыцы — сюжэт, што не траціць актуальнасці, і гэта, безумоўна, вельмі дакладнае менеджарскае рашэнне, каб заваяваць глядацкія сімпатыі. Гарачыя жарсці, якія прымушаюць наведвальніка забыць пра шэрую штодзённасць, усходняя экзотыка, пачуццёвасць самога балетнага жанру — усё гэта прадвызначае многія фактары поспеху спектакля на абраную тэму. З ініцыятывы нашага Музычнага тэатра азербайджанскія калегі прапанавалі сваю арыгінальную харэаграфічную версію папулярнай гісторыі. У рашэнні сюжэтнай лініі ўсё гранічна ясна і прадказальна. Барацьба за трон, каханне Цэзара і яго забойства вызначаюць канву першай дзеі. Другая маляўніча прадстаўляе егіпецкую экзотыку, на яе фоне разгортваецца гарачае каханне Клеапатры і Марка Антонія. Драматычны фінал завяршаецца гібеллю палкаводца і пакутамі галоўнай гераіні. Вядома, глядач, які ведае сучасныя магчымасці балетнага мастацтва, будзе здзіўлены высокай ступенню ілюстрацыйнасці пастаноўкі. Нумарная структура спектакля пабудавана па прынцыпе злучэння рознахарактарных батальных і пабытовых эпізодаў. Цэнтральнымі ў дзвюх дзеях вылучаюцца дуэтныя сцэны Клеапатры са сваімі каханкамі. Балетмайстарка Медына Аліева ў аснову пластычнага рашэння паклала ідэю ажыўлення егіпецкіх фрэсак, пазіцыянуючы абраную стылістыку як харэаграфію "ламаных поз". Таму ўзнікаюць застылыя профільныя паставы, звернутыя да сонца далоні, агульны запаволены тэмпарытм, стылізаваныя тунікі, егіпецка-рымская арнаменталістыка і сімволіка ў дэкарацыях (мастачка-пастаноўшчыца Інара Асланава). У нумарах тыпу "экшан" і характарыстыцы мужчынскіх галоўных партый пераважае харэаграфія а-ля "Спартак" Грыгаровіча. Вось тут і хацелася "ўскладніць" немудрагелістасць карцінкі глыбінёй музычнага шэрагу, але і гэтая пазіцыя апынулася не надта моцнай. Прагучала эклектычная музычная партытура, у аснове якой — хутка засваяльны набор жанравых клішэ (лезгінка, вальс, лацінаамерыканскія танцы, музыка з усходне-фальклорным каларытам), меладычных штампаў з адгалоскамі галівудскіх хітоў і пентатонікі японскіх анімэ. Вядома, нельга не адзначыць меладычныя здольнасці Гяльсят Шайдулавай, вылучаюцца асобныя яркія фрагменты ў лірычных сцэнах, але накіраванасць на "маскультуру", кліпавасць мыслення і стылявая стракатасць партытуры зніжаюць узровень яе ўспрымання. У дадатак з прафесійнага пункту гледжання здзівіла, што ў партытуры ёсць і сааўтар. Аранжыроўка належыць маскоўскаму музыканту Міхаілу Фадзееву. Адпаведна ўсе пытанні па аркестроўцы варта адрасаваць яму. Сярод удалых знаходак адзначым увядзенне экзатычных тэмбраў — альтовай флейты і антычных талерачак. Вяртаючыся да спрэчкі пра аўтарства і ролю кампазітара ў балетным спектаклі, у дадзеным выпадку даводзіцца са шкадаваннем канстатаваць факт калектыўнай "безасабовай" творчасці. А скіраванасць на "неспрактыкаванага гледача" пацвярджае сапраўдны "цвік" балета: "спакушальная" ламбада бедуінак з кастаньетамі пад лацінаамерыканскія рытмы! Што ж, цалкам адпавядае слогану "хлеба і відовішчаў", і нават дастаткова эфектна... Больш за тое, здаецца, неназойлівасць музычнага шэрагу, наяўнасць у ім слыхавых штампаў, якія выдатна ўспрымаюцца, насамрэч могуць зрабіць гэты сцэнічны твор прыемным баўленнем часу. Аналізуючы пастаноўку, задаеш сабе пытанне: ці склалася яна ў адзінае мастацкае цэлае? Падаецца, наўрад ці можна адказаць станоўча. Пасля прагляду застаецца адчуванне эклектычнага дзеяння, набору асобных больш ці менш эфектных кампанентаў. Разам з тым адзначым, што выканальніцкім поспехам спектакля сталі партыі пратаганістаў — егіпецкай прыгажуні ў інтэрпрэтацыі далікатна-вытанчанай Аляксандры Ракаўскай, брутальна-выразнага Сяргея Глуха ў абліччы Юлія Цэзара і энергічна-актыўнага Марка Антонія — Цімафея Вайткевіча. Хацелася б згадаць якасную працу дырыжоркі Марыны Траццяковай, пад яе кіраўніцтвам аркестр гучаў пераканаўча і стройна. Напрыканцы разважанняў над мастацкімі каштоўнасцямі новага твора задамо колькі рытарычных пытанняў. А што будзе з балетнымі партытурамі, якія ляжаць у сталах беларускіх кампазітараў? Чаму, напрыклад, прадстаўлены шырокаму гледачу балет "Хто я?" нядаўна памерлага Сяргея Картэса толькі двойчы ўпрыгожыў сцэну Нацыянальнага тэатра і больш за год пастаноўка не аднаўляецца? Ці знойдзецца магчымасць сцэнічнай рэалізацыі цудоўнай сімфанічнай партытуры — балета "Клеапатра" Вячаслава Кузняцова? А можа, хаця б частку з усяго гэтага мы ўбачым на сцэне Азербайджанскага тэатра оперы і балета? Гэта было б выдатным працягам культурнага дыялогу паміж нашымі краінамі. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com