« НазадРЭАЛІЦІ-МЮЗІКЛ НА БЛІЦ-ШПАЦЫРЫ
Прыхільнікі мюзікла, аперэты і сучаснага музычнага тэатра ўжо зараз могуць адкладаць грошы "на лета": у чэрвені, роўна на тры тыдні, прыедзе да нас на гастролі знакаміты Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі, які яшчэ з савецкіх часоў лічыцца брэндам Урала (таму і не змяніў назву на Екацерынбургскі) і цяпер стаўся сапраўднай лабараторыяй мюзікла. За апошнія чатыры гады там адбылося ажно восем сусветных прэм'ер, а за апошнія шэсць гадоў тэатр атрымаў 16 прэмій "Залатая маска" па розных намінацыях. Тэатр, у штаце якога працуе 530 чалавек, а ў творчай трупе – больш за 200, уяўляе з сябе сапраўдны холдынг. Акрамя пашыранага складу аркестра, ёсць таксама ансамбль народных інструментаў, задзейнічаны ў спектаклях, джаз-студыя, арыентаваная на джазавыя спевы. Дый харэаграфічная трупа складаецца з дзвюх: танцоўшчыкаў з класічнай падрыхтоўкай і так званага "Эксцэнтрыкбалета" на чале з Сяргеем Смірновым, ужо добра вядомых на Беларусі. Гэты неардынарны калектыў неаднойчы станавіўся ўдзельнікам Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC), а яго кіраўнік – членам журы конкурсу ў рамках гэтага форуму. У час летніх гастролей таксама плануюцца самастойныя выступленні "эксцэнтрыкаў" са сваімі спектаклямі, у тым ліку ў Віцебску. На сцэне ж Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра пройдзе больш за 20 паказаў дзясятка мюзіклаў і аперэт, раней не знаёмых нашым гледачам. З класікі – "Сіняя Барада" Ж. Афенбаха, "Цыган-прэм'ер" І. Кальмана. З сучасных прэм'ерных твораў – музычныя хронікі "Кацярына Вялікая" С. Дрэзніна, рэаліці-мюзікл "www.cіліконавая дура.net" А. Пантыкіна і К. Рубінскага. Прывязуць екацерынбуржцы і новыя творы, прысвечаныя нашай нядаўняй гісторыі: рамантычны шпацыр па Часе "Парк савецкага перыяду", музычную прытчу А. Пантыкіна "Храни меня, любимая" пра Вялікую Айчынную вайну. І гэта – далёка не поўны пералік!
Пакуль жа сярод найбліжэйшых планаў – правядзенне ў 2013-м гастролей Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў Екацерынбургу. На іх наш тэатр, дарэчы, збіраецца павезці адно новы рэпертуар (скажам, тыя ж "Дванаццаць крэслаў", што распачалі чарговы тэатральны сезон), які будзе зараз актыўна назапашвацца. Ну, а некаторых нашых маладых салістаў там ужо добра ведаюць: яны неаднойчы перамагалі на тамтэйшых міжнародных конкурсах артыстаў мюзікла і аперэты. Надзея БУНЦЭВІЧ. На здымках: сцэны са спектакляў "www.cіліконавая дура.net" екацерынбуржцаў і "Дванаццаць крэслаў" мінчан. |
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com