Галоўная/Пресса/Штрыхі да тэатральнай афішы (1997 г., Чырвоная змена)

Штрыхі да тэатральнай афішы (1997 г., Чырвоная змена)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ШТРЫХІ ДА ТЭАТРАЛЬНАЙ АФІШЫ

Вы вырашылі пайсці ў тэатр. Але калі вы не адносіцеся да ліку заядлых тэатралаў, то вам будзе даволі цяжка арыентавацца ў тэатральнай афішы. У які тэатр пайсці і на які менавіта спектакль? Не памылюся, калі скажу, што часта ў такіх выпадках выбар падае на Тэатр музычнай камедыі. Гэты жанр сам па сабе даступны і дэмакратычны, акрамя таго, спектакль у Тэатры музычнай камедыі ўяўляе сабой сінтэз амаль усіх сцэнічных жанраў. Таму прыхільнікі музыкі адчуюць сябе ў сваёй стыхіі, бо любы спектакль тут – перш за ўсё, музычны. Застануцца задаволенымі і прыхільнікі драматычнага мастацтва, бо зноў жа музычная драматургія спектакля перамяжоўваецца з размоўнымі дыялогамі, якія, у залежнасці ад рэжысуры і таленту выканаўцаў, часта ўяўляюць сабой неардынарнае відовішча. 

Пастаянныя прыхільнікі нашага Тэатра музкамедыі ведаюць, што ён доўгія гады існаваў без галоўнага рэжысёра – таго лідэра, які праводзіць генеральную мастацкую лінію. I вось у пачатку бягучага сезона ён, нарэшце, з'явіўся. Гэта Барыс Лагода, які працаваў дагэтуль у адным з тэатраў Расіі. Так распарадзіўся лёс, што пасля заканчэння Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута ён знайшоў сабе работу далёка ад радзімы, але творчыя шляхі-дарогі прывялі яго зноў на Беларусь.

Новы рэжысёр адразу ўзяўся за работу, і ў выніку – дзве новыя пастаноўкі, адной з якіх пачаўся тэатральны сезон, а другой – заканчваецца. Аднак гледачы яшчэ маюць час пабачыць абедзве. Гэта дзве класічныя аперэты, якія ў сэнсе пастаноўкі вытрыманы ў традыцыйным стылі. (Ставіць што-небудзь авангарднае рэжысёр пакуль не рызыкнуў, але даў зразумець, што такая задумка ёсць.)

Такім чынам, першая пастаноўка Барыса Лагоды – аперэта "Шляпа Напалеона" Оскара Штрауса. Класічны аперэтачны сюжэт, звыклы набор персанажаў: герой-любоўнік, комік-прасцяк, субрэтка і г. д. і канешне ж – адпаведная гэтаму музычная драматургія. Але тым і прыцягальная аперэта, што, не выходзячы з зададзеных жанрам рамак, яна заўсёды мае эфект навізны і непаўторнасці. А гэта ў многім залежыць ад майстэрства пастаноўшчыкаў і выканаўцаў. Разам з Барысам Лагодам над спектаклем працавалі музычны кіраўнік і дырыжор Аляксандр Сасноўскі, мастак-пастаноўшчык Яўген Ждан, балетмайстар Ніна Дз'ячэнка і хормайстар Тамара Гуліна. У спектаклі заняты лепшыя акцёры тэатра: Аляксей Ісаеў, Людміла Станевіч, Арнольд Ранцанц, Зінаіда Вяржбіцкая, Герман Казлоў, Аляксей Кузьмін, Анатоль Касцецкі, Васіль Сердзюкоў і іншыя выканаўцы.

Прэм'ера другога спектакля ў пастаноўцы Барыса Лагоды адбылася нядаўна. Гэта ўсім вядомы "Цыганскі барон" Іагана Штрауса – кампазітара, якога сучаснікі назвалі каралём вальса і князем аперэты. Нават толькі дзеля музыкі варта наведаць спектакль: цудоўныя вальсавыя мелодыі, цыганскі хор, яркія і запамінальныя музычныя вобразы.

У двух спектаклях задзейнічаны адна і тая ж пастановачная група і амаль той жа склад акцёраў, таму эстэтыка і дух абедзвюх пастановак у многім супадаюць. Але гэта не перанос гатовых штампаў з адной пастаноўкі ў другую, гэта – выразнасць творчага почырку, па якому спрактыкаваны глядач адразу пазнае рэжысёра, як чытач – любімага аўтара.

I яшчэ адна адметная рыса вышэйзгаданых спектакляў – іх харэаграфія. Балетмайстар Ніна Дз'ячэнка здолела надаць танцавальным нумарам своеасаблівы шарм і вытанчанасць. Публіка з захапленнем прымае "Карсіканскі танец" і "Цыганскія напевы" ў выкананні маладых артыстаў балета.

Але хіба можна расказаць словамі пра музыку і танец? Лепш усё ўбачыць і пачуць самім. I тады, упэўнена, колькасць прыхільнікаў нашага Тэатра музычнай камедыі павялічыцца.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Чырвоная змена. – 1997. – 24 чэрв.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: