Галоўная/Пресса/З наваселлем! (1982 г., Тэатральны Мінск)

З наваселлем! (1982 г., Тэатральны Мінск)

ПАДПІСАЦЦА НА РАССЫЛКУ:
это поле обязательно для заполнения
Імя:*
это поле обязательно для заполнения
Прозвішча:*
это поле обязательно для заполнения
Электронная пошта:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

З НАВАСЕЛЛЕМ!

Сёння ўжо нельга ўявіць нашу беларускую сталіцу без гэтага цудоўнага будынка. Увечары ярка загараюцца агні, і далёка ад увахода вас сустракаюць тыя, хто жадае трапіць на спектакль, з традыцыйным пытаннем: "Ці няма лішняга білеціка?". Калі ўспомніць вядомую фразу, што тэатр пачынаецца з вешалкі, дык аб гэтым тэатры хочацца сказаць, што ён пачынаецца з фасада. На франтоне будынка – фігуры пяці муз, якія ўвасабляюць чароўны свет музыкі і тэатра. Шчаслівы ўладальнік білета трапляе ў ярка асветлены вестыбюль. 

Усё тут цудоўна: і агні, што льюцца на вас з каляровых люстр-кветак, і інтэр'еры фае. Зараз загучаць традыцыйныя званкі, што заклікаюць да пачатку спектакля. Але што гэта? Званкоў няма, замест іх – невялікі музычны фрагмент, у якім адразу пазнаем матыў са славутай кальманаўскай "Сільвы"... Сумнення быць не можа – мы ў тэатры музычнай камедыі. 

Тэатр атрымаў свой новы будынак да пачатку сёлетняга сезона, і адкрыццё сезона аказалася святочным удвая. Да яго рыхтаваліся ў тэатры доўга, сур'ёзна. Старанна аналізавалі бягучы рэпертуар, адбіралі лепшыя спектаклі, рыхтавалі новыя. I вось настаў гэты дзень – 15 кастрычніка 1981 года, калі адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка тэатра і адкрыццё сезона... 

У той вечар была паказана прэм'ера – аперэта "Лятучая мыш" I. Штрауса... 107 гадоў прайшло з часу стварэння "Лятучай мышы". У нашай краіне гэты твор выдатнага аўстрыйскага кампазітара, "караля венскага вальса" Іагана Штрауса з'яўляецца адным з самых рэпертуарных. Лёгкая вадэвільная інтрыга, светлы лірызм, радасць жыцця, якая б'е крыніцай, – усё гэта характэрна для "Лятучай мышы". Музыка, цудоўная, яркая, пранізаная вальсавымі рытмамі, мае шырока развітую драматургію. Узняць гэту выдатную музыку ў спектаклі на той п'едэстал, якога яна заслугоўвае, перадаць яе дух, узнавіць лёгкасць і празрыстасць аркестравага пісьма; правесці складаныя музычныя сцэны, ансамблі на сапраўдным узроўні музычнага тэатра... Усё гэта выканаць – значыць вырашыць вялікую мастацкую задачу і мець права вынесці на суд гледача здзейснены спектакль... 

...Аднак пройдзем у глядзельную залу. Зараз пагаснуць люстры і пачнецца уверцюра. Музычны кіраўнік спектакля галоўны дырыжор тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў БССР I. Абраміс – за дырыжорскім пультам. Узмах яго рукі – і ў залу паліліся чароўныя гукі. Уверцюра да аперэты "Лятучая мыш" – закончаны сімфанічны твор. Аркестр пад кіраўніцтвам вопытнага майстра гучыць тэмпераментна, яскрава, святочна. Уверцюра, тэрцэты, дуэты, хоры, танцавальныя нумары (асабліва цудоўны вальс "Блакітны Дунай"), арыі, ансамблі, выдатны вальсавы фінал – усё дакладна выверана дырыжорам і пакідае ўражанне сур'ёзнай прафесійнай работы выканаўцаў. 

Акунуўшыся ў музычны свет герояў спектакля, пераконваешся, як вырасла прафесійна трупа тэатра за апошнія гады. I, у першую чаргу, менавіта ў музычных адносінах. Гэта адчуваецца выразна ў шэрагу спектакляў, асабліва – у "Лятучай мышы". Іосіф Абраміс здолеў узняць узровень аркестра, і было гэта, натуральна, нялёгка, але вынік відавочны: сёння аркестр тэатра музычнай камедыі – калектыў, які здольны рашаць сур'ёзныя творчыя задачы. Узнялася музычная культура спектакляў. Дакладней і зладжаней стала ўзаемадзеянне такіх кампанентаў, як аркестр, хор, балет. Ва ўзаемаадносінах салістаў у музычных ансамблях знікае напружанасць, з'яўляецца свабода, неабходная зладжанасць. Ва ўсім гэтым ясна адчуваецца рука музычнага кіраўніка тэатра... 

Аднак мы адхіліліся ад "Лятучай мышы". Увогуле гэта маляўнічы, прыгожы спектакль, дасціпны і вясёлы. Многае тут прываблівае: і афармленне мастака С. Кошкіна, і танцавальныя нумары, пастаўленыя галоўным балетмайстрам В. Бутрымовічам, і харавыя (галоўны хормайстар Н. Андросава), і свежыя знаходкі рэжысёра-пастаноўшчыка А. Малчанава. Спектакль ідзе ў хуткім тэмпе, артысты разыгрываюць сюжэт весела і гарэзна. Аднак рэжысёру, а з ім і выканаўцам, не ва ўсім давялося дасягнуць раўназначнасці. Ёсць і хібы... Але сёння, віншуючы тэатр з наваселлем, не будзем спыняцца на іх. 

Давайце проста зойдзем у залу, уладкуемся зручней у крэслах і паглыбімся ў свет шатраусаўскіх герояў, у стыхію штраусаўскай музыкі... Адчуем асалоду ад ігры і спеваў народнай артысткі БССР Наталлі Гайды ў партыі Разалінды, з задавальненнем паслухаем у гэтай ролі Ніну Белавусаву. Пабачым Віктара Бажэнава ў ролі Генрыха Айзенштэйна, Валянціну Пятліцкую і Ніну Харужэнка (Адэль), Генадзя Нікіціна (Альфрэд), Пятра Рыдзігера і Рыгора Харыка (Фальк), заслужанага артыста БССР Віктара Шаўкалюка (пракурор Амедэй), заслужаную артыстку РСФСР Ніну Равінскую і артыстку Раісу Курлыкову (Амалія), Аэліту Крайнікаву (Лота), Канстанціна Лосева (Франк), заслужаных артыстаў БССР Юрыя Лазоўскага і Вячаслава Фаменку (дзяжурны па турме), іншых акцёраў... I лепш зразумеем, чаму перад кожным спектаклем перад тэатрам, хвалюючыся і пазіраючы на гадзіннікі, стаяць людзі, спадзеючыся на "лішні білецік". 

 Усё разам – само памяшканне тэатра, прыгажосць і зграбнасць інтэр'ераў, тое, што адбываецца на сцэне, – усё гэта пакідае ў гледача адчуванне свята. За гэтым ідзе ён у тэатр... I хацелася б пажадаць калектыву тэатра ў новым памяшканні заўсёды высока трымаць сцяг свайго мастацтва.

А. РАКАВА. 
Тэатральны Мінск. – 1982. – № 1.



тэл.: (017) 275-81-26

220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44

Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263

Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com

Мы ў сацыяльных сетках: