« Назад ЗДАЕЦЦА, НІКОЛІ ТЭАТР НЕ БЫЎ ТАК ПЕРАПОЎНЕНЫ…
Арганізоўваць бенефіс у наш час вельмі складана, у тэатраў не хапае сродкаў нават на планавыя пастаноўкі. I калі раней артысту плацілі за тое, што ў яго гонар адбываўся бенефіс, то зараз усё наадварот – артыст сам шукае сродкі на яго правядзенне. Так было на гэты раз і ў Дзяржаўным тэатры музкамедыі, калі рыхтаваўся бенефіс у гонар 50-годдзя вядучага майстра сцэны заслужанага артыста Украіны Арнольда Ранцанца. Тэатр імкнуўся ўшанаваць юбілей выдатнага акцёра, але матэрыяльныя сродкі не дазвалялі гэтага зрабіць. I тады сам А. Ранцанц праявіў ініцыятыву, звярнуўся за спонсарскай дапамогай у шэраг камерцыйных банкаў і фірм. Прыемна ўсведамляць, што ў асяроддзі дзелавых людзей гэта ідэя атрымала падтрымку – так былі сабраны неабходныя сродкі на падрыхтоўку бенефіса, які ў пачатку лютага прайшоў бліскуча і з вялікім поспехам.
Была арганізавана высокапрафесійная пастановачная група ў складзе рэжысёра Сусаны Цырук, балетмайстра Галіны Шылянковай-Воранавай, дырыжораў Аляксандра Сасноўскага і Вячаслава Чарнухі. Для ўдзелу ў бенефісе запрасілі з Адэсы любімца мінскай публікі Аляксандра Кузьмянкова, які раней працаваў у нашым тэатры музкамедыі. А. Кузьмянкоў у сааўтарстве з рэжысёрам С. Цырук дапоўніў сцэнарый бенефісу, прапанаваў шэраг цікавых рэжысёрскіх знаходак. Публіка была вельмі рада новай сустрэчы з гэтым артыстам /менавіта таму і запрасіў яго А. Ранцац/. Але шкада, што, прыехаўшы здалёк, аж з-за мяжы, ён удзельнічаў у адносна невялікай колькасці нумароў. Разам з А. Ранцанцам і А. Кузьмянковым у праграме ўдзельнічалі вядучыя салісты тэатра Н. Гайда, З. Вяржбіцкая, Г. Казлоў, Л. Станевіч, А. Ісаеў, В. Мінгалёў і іншыя. А. Ранцанц бязмежна ўдзячны сваім калегам-акцёрам, якія так жыва падтрымалі яго ідэю і самааддана працавалі над падрыхтоўкай праграмы, дзе амаль усе нумары былі новымі. Хоць прадстаўленне складалася з разнастайных па жанру і тэматыцы нумароў, дзякуючы прадуманай рэжысуры, быў знойдзены той цэментуючы стрыжань, які аб'яднаў іх у стылістычным адзінстве. На бенефіс прыйшлі шматлікія прыхільнікі таленту А. Ранцанца. Здаецца, ніколі яшчэ тэатр не быў так перапоўнены – гледачы сядзелі і проста стаялі ўздоўж сцен, на ступеньках, у праходах. Ужо толькі гэта сведчыць аб вялікай любові гледачоў да артыста. I хоць прыхільнікі таленту А. Ранцанца выдатна ведаюць шырыню яго творчага дыяпазону, ён усё роўна сумеў здзівіць многіх яшчэ адной гранню свайго майстэрства. Кульмінацыяй праграмы стаў нумар, у якім артыст прадстаў перад гледачом у нязвыклым амплуа. Спецыяльна для бенефісу кампазітар Уладзімір Кандрусевіч напісаў песню пад інтрыгуючай назвай "Супермен". Сучасныя рытмы і электроннае гучанне гэтай музыкі патрабавалі ад артыста адпаведнага іміджа, акрамя таго, трэба было папрацаваць над пластыкай, каб удала ўпісацца ў стыль танца-мадэрн, які выконвалі артысты балета пад гэту музыку. Але сапраўдны артыст – ён заўсёды артыст! Ён умее адчуць радасць творчасці і перадаць яе іншым.
|
тэл.: (017) 275-81-26
220030, г. Мінск, вул. Мяснікова, 44
Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі № 100744263 ад 18 лютага 2009 г., УНП 100744263
Выключныя правы на матэрыялы, размешчаныя на Інтэрнэт-сайце Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра (musicaltheatre.by), у адпаведнасці з заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах Рэспублікі Беларусь, належаць Установе "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь "Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр" і не падлягаюць выкарыстанню ў якой бы там не было форме без пісьмовага дазволу праваўладальніка. Па пытаннях выкарыстання матэрыялаў, размешчаных на сайце, звяртацца на e-mail: belmustheatre@gmail.com